МЗС Беларусі не адказвае на ноты МЗС Украіны
Афіцыйны Мінск ігнаруе ноты МЗС Украіны. Пра гэта 22 красавіка паведаміў амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны.
Каментуючы сітуацыю, якая склалася з забаронай на ўезд ўкраінскіх праваабаронцаў у Беларусь, амбасадар Украіны заявіў: "Мы яшчэ ўчора перадалі ноту з нагоды ўкраінскай праваабаронцы. Адказу ад беларускага боку не было. Наогул, пачынаючы з 19 снежня мінулага года ўкраінскі бок перадаў беларускаму МЗСу некалькі нот адносна людзей, якіх не пусцілі ў краіну. На ніводную з нот мы не атрымалі адказу".
Бязсмертны выказаў здагадку, што ў беларускіх уладаў існуе "чорны спіс" украінскіх грамадзян, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Ён адзначыў, што кожная дзяржава мае права мець такі спіс, перадае ІА REGNUM.
Украінскі амбасадар заявіў таксама: "Мы гэтага спісу не бачылі, але цяпер ужо прасочваецца тэндэнцыя, што беларускі бок абмяжоўвае ўезд людзей, якія маюць дачыненне да міжнародных арганізацый па абароне правоў чалавека".