Мінск абыйдзе эканамічныя санкцыі ЕС з дапамогай Расіі і Еўропы
Прыбытак ад экспарту беларускіх нафтапрадуктаў маюць еўрапейскія пасярэднікі, што моцна замінае ўвядзенню санкцый.
Еўрапалітыкі абяцаюць Мінску пашыренне санкцый. Не выключана нават, што падчас пасяджэння 23 сакавіка міністры краін Еўрасаюза будуць шукаць варыянты эканамічнага ўціску.
Беларускія эканамісты сцвярджаюць, што шукаць тут асабліва няма чаго — паводле падлікаў Леаніда Заікі, больш за траціну ўсяго леташняга валютнага прыбытку беларускі бюджэт атрымаў ад продажу нафтапрадуктаў у Еўропу.
Леанід Заіка: “Самыя цяжкія санкцыі — гэта адмова ад нафтапрадуктаў, якія складаюць 40% беларускага экспарту. Нямеччына набыла летась больш як 1 мільярд долараў чыстай нафты”.
Летась, дадае эканамічны эксперт Таццяна Манёнак, Беларусь прадала за мяжу 15,6 мільёнаў тон нафтапрадуктаў. Што на 40% больш, чым у 2010 годзе. Нарошчваць аб’ёмы імпарту плануюць і сёлета. У 2011 годзе Беларусь экспартавала ў краіны ЕС тавараў на агульную суму 15 мільярдаў 726 мільёнаў 400 долараў ЗША. На Нідэрланды даводзіцца 6 мільярдаў 157 тысяч 900 долараў экспарту, на Нямеччыну — 1 мільярд 826 мільёнаў 300 долараў. Асноўныя пазіцыі: прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, металапракат.
Як звяртае ўвагу эканаміст Сяргей Чалы, расце залежнасць асобных сябраў ЕС ад беларускіх нафтапрадуктаў. Для некаторых дзяржаваў гэта дзесяткі адсоткаў ад усяго аб’ёму імпартнага паліва. Таму біць па самым балючым еўрапейцы не будуць.
Сяргей Чалы: “Яшчэ не тая сітуацыя, за якой павінны ісці такія поўнамаштабныя санкцыі. Як у шахматах: яшчэ нічога такога памылковага і дрэннага не зрабіў твой праціўнік, каб з ім можна было так рэзка паступаць. Для таго ж, каб такое ажыццявіць, неабходная сур’ёзная згода сябраў Еўрасаюза. А з гэтым у іх праблемы: дамовіцца пра нейкі мінімум удаецца, далей — не”.
Усё з-за таго, што на беларускіх нафтапрадуктах добра зарабляюць самі еўрапейцы, сцвярджае Леанід Заіка. Схему атрымання “беларускага” прыбытку тлумачыць Таццяна Манёнак.
Таццяна Манёнак: “Беларускія кампаніі ўдзельнічаюць у транспартыроўцы нафтапрадуктаў да порту — Клайпеда, Рыга. А з пагрузкай на судны гэтыя нафтапрадукты ўжо належаць еўрапейскім ды іншым краінам. У гэтым бізнэсе завязаны не толькі беларускі бок, але і еўрапейскі бізнэс. І відавочна, што страты будуць па ўсім ланцужку, калі будзе крайні сцэнар. Яшчэ невядома, у каго яны будуць большыя”. У краіны Мытнага саюза ў 2011 годзе Беларусь экспартавала тавараў на 14 мільярдаў 316 мільёнаў 200 долараў. З іх на Расію прыпадае 13 мільярдаў 685 мільёнаў долараў.
А каб павялічыць прыбытак, дадае Сяргей Чалы, гандаль ідзе праз краіны, якія ўваходзяць у англійскую, галандскую ды кіпрскую юрысдыкцыю: там падаткі меншыя.
Сяргей Чалы: “Дастаткова паглядзець на дзейнасць гэтых кампаній-пасярэднікаў і проста прымусіць перавесці фінансавыя плыні ў іншыя краіны. Гэта адразу адбілася б на кампаніях-экспарцёрах і на стане эканомікі. Праз гэтыя ж юрысдыкцыі і асноўны экспарт капітала ідзе. Зразумела, што пад выглядам інвестыцый ідзе вывад сродкаў у афшоры. Па гэтым можна было б кропкава ўдарыць — пры жаданні гэта тэхнічна не складана”.
Але нават на такі “палегчаны” варыянт эканамічных санкцый еўрапейцы не пойдуць, — упэўнівае Леанід Заіка. Бо змяншэнне валютнага прыбытку краіны аўтаматычна прывядзе да пагаршэння ўзроўню жыцця простых беларусаў.
Да ўсяго, разважае Таццяна Манёнак, абыйсці еўрапейскія санкцыі супраць беларускіх нафтапрадуктаў не складана. Яны проста стануць... расійскімі! Напрыклад, з дапамогай расійскіх кампаній, якія працуюць на беларускіх НПЗ.
Таццяна Манёнак: “Балансам гэтага года прадугледжваецца, што каля 50% усёй нафты могуць перапрацоўваць расійскія кампаніі (на беларускіх НПЗ — Еўрарадыё). Нішто не перашкаджае аформіць, што гэта будзе не 50 адсоткаў, а больш. Нафтапрадукты будуць ісці на экспарт ранейшай схемай. Магчыма, будзе створаная новая кампанія і гэтыя нафтапрадукты будуць не беларускімі, а расійскімі, але будзе магчымасць пастаўляць іх на еўрапейскі рынак”.
Праўда, такія схемы будуць даражэйшымі, а прыбытак беларускага бюджэту меншым. Што ізноў нас вяртае да зніжэння ўзроўню жыцця беларусаў — чаго еўрапейцы не жадаюць. Ну, і прыбыткі сваіх бізнэсоўцаў для Еўропы маюць не апошняе значэнне.
Так што застаюцца толькі візавыя санкцыі супраць асобных беларускіх бізнэсоўцаў. Але гэтую меру ніхто з суразмоўцаў Еўрарадыё не лічыць сур’ёзным уціскам на беларускі рэжым.