Міністэрства гандлю: “Грамадзянін напісаў скаргі і за гэта паплаціўся”
Еўрарадыё даведвалася, як гарантавана трапіць на прыём да віп-чынонікаў. І як не апячыся на законе “Аб звароце грамадзян”.
У жніўні журналіст Еўрарадыё запісаўся на прыёмы да высокіх чыноўнікаў. Пасля гэтага мы чакалі канчатковай інфармацыі наконт сустрэч.
Літаральна праз некалькі дзён ператэлефанавалі з Міністэрства гандлю і запрасілі на гутарку з намесніцай міністра Ірынай Наркевіч.
Прыбываю да кабінета прыёму грамадзян, прызнаюся, што журналіст, прашу запісаць гутарку на дыктафон. Ірына Уладіміраўна інтэрв’ю не дае, але працягвае уважліва размаўляць са мной як з грамадзянінам.
У пачатку гутаркі чыноўніца хваліць наш закон “Аб звароце грамадзян”, але распавядае і пра непрыемнасці, якія могуць чакаць тых, хто любіць скардзіцца, злоўжываючы гэтым законам:
“У нас быў выпадак у Пінску. Грамадзяніна пастрыглі ў адной з цырульняў, ён палічыў, што дрэнна, і напісаў скаргі ў пяць інстанцый — у Камітэт дзяржкантролю і гэтак далей. Усе інстанцыі прыйшлі да прадпрымальніка з праверкамі. Вы ведаеце што зрабіў гэты прадпрымальнік? Ён звярнуўся ў суд і спагнаў са спажыўца упушчаную выгаду за час прастою, калі яго трэслі пяць камісій…”
Падчас прыёму скарджуся, што віна-гарэлачныя аддзелы ў некаторых крамах знаходзяцца на самым уваходзе: міжволі пацягнешся за пляшкай. Ірына Наркевіч распавядае пра існаванне рабочай групы, якая прапрацоўвае пытанні па абмежаванні табакакурэння і алкагалізацыі. Аднак распавядае і пра свой візіт у Парыж, дзе алкаголь таксама свабодна прадаецца ў крамах.
Пярэчу, што таннага “чарніла” ў Парыжы не прадаюць, а менавіта гэтым пойлам співаюцца сёння беларускія алкаголікі.
“Напэўна, не трэба рабіць радыкальных забарон, павінны быць паступовыя змены, --падсумоўвае Ірына Уладзіміраўна. -- Прадпрыемствы па вырабе пладова-ягадных вінаў знаходзяцца, як правіла, у малых населеных пунктах, дзе няма вялікіх валаўтваральных прадпрыемстваў. Людзі працуюць, заработная плата, і гэтак далей. Таму продаж пладова-ягадных вінаў будзе скарачацца паступова. Да пэўнага года запланавана ліквідацыя іх вырабу…”
Цікаўлюся ў Ірыны Наркевіч і праблемай опійнага насення маку, якім колюцца амаль усе беларускія наркаспажыўцы. У мінулым годзе купіць мак можна было прама на беларускіх рынках.
Намесніца міністра абяцае разабрацца з пытаннем і адказаць мне грунтоўным лістом, які праз два тыдні атрымліваю.
***
Але не ва ўсіх Міністэрствах мяне гэтак жа ахвотна запрашаюць на прыём.
Напрыклад, тэлефанавання з Міністэрства сельскай гаспадаркі я не дачакаўся.
“ Вам было сказана ператэлефанаваць, вы не ператэлефанавалі. Ваша жаданне прыйсці на прыём застаецца ў сіле. Гэта першая серада кожнага месяца. За два дні да прыёму мне патэлефануйце”, ― тлумачаць у Міністэрстве.
Такую ж самую памылку я зрабіў, запісваючыся на прыём да Міністра абароны. Чакаў дадатковых запрашэнняў.
“Это я вас просил, чтобы вы перезвонили и сказали, вы пойдёте на прием или не пойдёте. У вас время целый месяц был, ― тлумачыць службовая асоба з групы па зваротах грамадзян Міністэрства абароны.― Вы могли не перезванивать, но прийти на приём. Но то, что вы не пришли, это ваши проблемы.
Атрымліваю ад вайскоўца настойлівыя парады, як вырашыць мае пытанні (а прапанаваў я “Праграму па сацыялізацыі беларускамоўных у войску”) меншай крывёю.
“ Если помните, я вам сказал: “Есть ли необходимость вам что-то сказать министру?” Я вам посоветовал связаться с Шилой (апазіцыянер, удзельнік “Маладога фронту”, ― Еўрарадыё). Ещё есть пара уже отслуживших, которые по-белорусски гутарили. Вечорко, например. Они у нас в войсках прекрасно и политинформацию проводили, прекрасно служили”.
Яшчэ раз цікаўлюся, як гарантавана трапіць на прыём да міністра, калі вырашу, што гэта мне па-сапраўднаму неабходна.
“Для этого вам нужно тольки прийти все. Следующий приём будет восьмого числа, также в центральном Доме офицеров, аудитория №30, начало приёма в 14.00”.
У сектары па рабоце са зваротамі грамадзян Міністэрства аховы здароўя маёй вуснай заявы на прыём да міністра не знайшлі. На граматнай беларускай мове мне тлумачаць, што можна прыйсці ў першую сераду кожнага месяца. Аднак мае прапановы раяць перадаць у міністэрства ў пісьмовай форме:
“Мы б аддалі іх міністру. Ён бы паглядзеў, слушныя гэта прапановы, ці можна абысціся без іх. Чалавеку пішацца адказ. І калі тыя ці іншыя прапановы выклікаюць цікавасць, чалавека выклікаюць на размову”.
Мне тлумачаць, што, трапіўшы да міністра, я атрымаю толькі некалькі хвілін на выкладанне маіх прапановаў. І вось чаму:
“У яго заўсёды людзей шмат. Хтосьці памірае, у кагосьці праблемы анкалагічныя, хтосьці патрабуе выехаць за мяжу. Таму сядзець і размаўляць наконт прапановаў паўтары гадзіны, ці гадзіну, ці нават трыццаць хвілін міністр не мае часу”.
Такім чынам, калі вы хочаце выкласці пазіцыю беларускаму міністэрству і атрымаць адказ, лепш высылаць пісьмовы запыт. Калі ж вы хочаце трапіць на прыём, запісаўшыся па тэлефоне, у вас вялікія шанцы. Але трэба самім загадзя ператэлефаноўваюць у міністэрствы і нагадваць пра тое, што вы збіраецеся прыйсці. Па-беларуску вас паўсюль зразумеюць, але далёка не паўсюль гутарку з вамі на роднай мове падтрымаюць.