Міліцыянт папярэдзіў незалежнага журналіста сваім выглядам
Як толькі магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў выйшаў з пад’езду свайго дома, то заўважыў свайго ўчастковага.
Міліцыянт зрабіў усё, каб журналіст яго заўважыў. Алесь кажа, што ўчастковы не падыходзіў да яго, аднак прадэманстраваў, што яго кантралююць.
Журналіст мусіў ісці асвятляць чарговую “маўклівую акцыю”. Сёння яна адбываецца ў Магілёве ў 13 гадзін на Віленскім рынку. Аднак пасля сустрэчы з участковым Асіпцоў перадумаў і вярнуўся дамоў. Дзеянні міліцыі ён расцэньвае як перашкоду ў журналісцкай працы і будзе пісаць скаргу ў пракуратуру.
Нагадаем, што Асіпцова за апошнія месяцы двойчы арыштоўвалі і садзілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Першы раз журналіста асудзілі на 7 сутак, другі раз на 10 — за ўдзел у несанкцыяваных акцыях.