Мэр Каўнаса: Сабоніс у нас больш папулярны за мэра!
Абраны два месяца таму мэрам Рымантас Мікайціс расказаў Еўрарадыё, ці мае Каўнас беларускі горад-пабрацім і ці чакаюць у Літве нашых турыстаў.
Еўрарадыё: У Беларусі мэраў гарадоў прызначае прэзідэнт. А як можна стаць мэрам у Літве?
Рымантас Мікайціс: Пры канцы лютага ў нас абіралі Савет горада. У гэтых выбарах удзельнічалі як кандыдаты ад партый, па партыйных спісах, так і прадстаўнікі розных рухаў і проста самавылучэнцы. І зараз мы ў Савеце маем 8 розных фракцый — 7 партый і 1 рух. Усяго у Савеце 41 чалавек. А мэр абіраўся падчас першага пасяджэння Савета ў красавіку. Але да гэтага праходзілі розныя ўзгадненні, фармаваліся розныя кааліцыі. Сённяшні кааліцыйны выгляд Савета — трэці ці чацьвёрты за паўтара месяца, што прайшлі ад абрання Савета да яго першага пасяджэння. А вынік апошняй кааліцыі — я перад вамі. А назначэнні мэра... Тут наўрад ці можна казаць пра дэмакратычныя выбары і мясцовае самакіраванне ўвогуле.
Еўрарадыё: Улады Каўнаса цалкам самастойныя ў вырашэнні ўсіх пытанняў?
Рымантас Мікайціс: Вядома, мы таксама не ўсім задаволеныя і кажам, што ў нас вялікая цэнтралізацыя. Калі летась у ліпені была рэарганізацыя акругаў і іх адміністрацыі завяршылі сваю працу, мы спадзяваліся, што шмат якія функцыі будуць перададзеныя мясцоваму самакіраванню. Але атрымалася так, што большасць іх функцый сабе забралі цэнтралізаваныя міністэрствы ў Вільні. І ад гэтай так званай рэформы мясцовае самакіраванне мацней не стала. Да прыкладу, усе пытанні, звязаныя з зямлёй, вырашаюцца ў міністэрстве.

Еўрарадыё: Якія сувязі ў Каўнаса з Беларуссю? Калі не з усёй, то, можа, з асобнымі гарадамі ці раёнамі маеце кантакты?
Рымантас Мікайціс: Мы маем дамовы аб супрацоўніцтве з 25 гарадамі-пабрацімамі. Але шчыра скажу: я нават не ведаю, ці ёсць у нас горад-пабрацім у Беларусі. Напэўна, не маем.
Еўрарадыё: Ці звярталіся да вас прадстаўнікі мясцовага бізнэсу з просьбай дапамагчы на афіцыйным узроўні наладзіць эканамічныя сувязі з Беларуссю?
Рымантас Мікайціс: Я не прыгадаю такога выпадку. Гады два-тры таму ў нас была дэлегацыя з Мінгарвыканкама на чале з намеснікам старшыні. Яны сустракаліся з будаўнікамі, якія будавалі каўнаскі “Акропаліс”, вялізны гандлёвы цэнтр. Пазнаёміліся з гандлёвым цэнтрам “Мега” на ўскрайку горада. Наколькі я зразумеў, яны шукалі тут тых літоўскіх будаўнікоў, хто мог бы рэалізаваць будаўніцтва падобных цэнтраў на ўскрайку Мінска. Такое было, але гэта была іх ініцыятыва. Каб нашыя звярталіся ў муніцыпалітэт — такога я не прыгадаю. Але ведаю, што каўнаскія кампаніі маюць свае фабрыкі, цахі ці іншы бізнэс у Беларусі. Але гэта яны вырашалі без нашай дапамогі.
Еўрарадыё: У верасні ў Каўнасе будзе праходзіць чэмпіянат Еўропы па баскетболе. Вы чакаеце ад гэтага чэмпіянату вялікага прыбытку ці гэта будзе іміджавае мерапрыемства?
Рымантас Мікайціс: Гатэлі, рэстараны і іншыя кампаніі, якія працуюць у сферы сэрвіса, будуць мець прыбытак. А для горада — гэта больш імідж. Але ж тое, што мы інвестуем у арэну і інфраструктуру выспы (Каўнас да чэмпіянату будуе на выспе пасярэдзіне Нёмана баскетбольную арэну — Еўрарадыё) застанецца гораду. Мы будзем мець самую вялікую арэну ў рэгіёне. Да таго ж трэба ўлічваць добрае геаграфічнае знаходжанне Каўнаса: мы ў цэнтры Літвы, на перакрыжаванні транспартных калідораў Усход-Захад, Поўнач-Поўдзень. Мы спадзяемся, што да нас на канцэрты зорак ці на вялікія спартовыя мерапрыемствы будуць прыязджаць госці і з Беларусі, і Латвіі, і з Польшчы.

Еўрарадыё: Хто фінансуе будаўніцтва гэтай арэны?
Рымантас Мікайціс: Фінансы на арэну і інфраструктуру — і еўрапейскія, і з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, і гарадскія. Але гарадскія — самыя вялікія. Хоць мы і атрымалі 50 мільёнаў еўра з Еўропы і 50 мільёнаў дзяржаўных на гэты праект.
Еўрарадыё: Каўнас даволі прывабны горад з турыстычнага пункту гледжання. Але беларусаў тут бывае не шмат. Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб гэтую сітуацыю выправіць?
Рымантас Мікайціс: Найперш, трэба спрасціць усе працэдуры, звязаныя з атрыманнем віз. Так, і кошт віз мае значэнне. Каўнас, я думаю, у Беларусі ведаюць і памятаюць. Да і адлегласць не такая вялікая. Але ж ёсць і праблемы пры перасячэнні мяжы. Нешта зрабіць дзеля таго, каб змянілася гэта, — не ў нашых паўнамоцтвах. Але мы сустракаліся з дэлегацыяй з Беларусі, людзьмі, што працуюць у сферы турызма, і там таксама называліся ўсе пералічанае прычыны, што яны перашкаджаюць развіццю турызму. Адпаведныя сігналы мы, сумесна з нашымі турагенцтвамі, перадаем у адпаведныя міністэрствы, урад. І я спадзяюся, што ўсе гэтыя працэдуры будуць спрашчацца ў бліжэйшай будучыні.

Еўрарадыё: Гледзячы рэпартажы дзяржаўнага беларускага тэлебачання, можна прыйсці да высновы, што пасля ўваходжання Літвы ў ЕС і адкрыцця межаў палова літоўцаў з’ехала з краіны ў пошуках лепшай долі, а другая палова — ледзь не памірае з голаду з-за высокіх коштаў квартплаты і прадуктаў. Як вы тут выжываеце?
Рымантас Мікайціс: Калі адкрыліся межы, частка насельніцтва сапраўды паехала за мяжу ў пошуках таго, як сябе лепш рэалізаваць, каб знайсці лепш аплочваемую працу. Гэта іх права. Зразумела, нас не радуе тое, што колькасць жыхароў змяншаецца і ў Літве, і Каўнасе. Але мы думаем пра тое, што мы мусім стварыць такія ўмовы ў сябе на радзіме, каб нават і думкі не ўзнікала з’язджаць. І зараз, пасля пазітыўных зрухаў у эканоміцы Літвы, яе аднаўлення, нам будзе лягчэй гэтыя задумы ажыццяўляць. Каўнас — горад універсітэтаў. І нас плануецца стварыць побач з горадам дзве “сіліконавыя даліны”, дзе ідэі маладых навукоўцаў адразу будуць запатрабаваныя. Што да другога, то ў нас ніхто з голаду не памірае!

Еўрарадыё: А ці едуць у Каўнас працаваць з іншых краін, з Беларусі?
Рымантас Мікайціс: Едуць, але гэта не масавая з’ява. Былі ў нас будаўнічыя кампаніі, якія прымалі на працу людзей з іншых краін. Былі там і беларусы. Праўда, я не ведаю, ці шмат іх было. Але праблем ад гэтых рабочых у нас не было. І я думаю, што з часам да нас будзе больш прыязджаць на працу з іншых краін: мы жывем у глабальным свеце і ад гэтага нікуды не схавацца.
Еўрарадыё: Каўнас — горад баскетбольны. Вы самі займаліся гэтым спортам? Мабыць, і зараз працягваеце гуляць?
Рымантас Мікайціс: У школе гуляў. Але мой спорт — спартыўнае арыентаванне (Рымантас Мікайціс з’яўляўся кіраўніком Федэрацыі спартыўнага арыентавання Літвы — Еўрарадыё). Я сам гэтым сур’ёзна займаўся, быў трэнерам — было такое ў маёй кар’еры.
Еўрарадыё: Не думалі, каб з чыноўнікаў мэрыі сабраць каманду па спартыўным арыентаванні?
Рымантас Мікайціс: Нават і думкі такой не было: кожны павінен займацца сваёй справай. А ў вольны ад працы час — тым, што падабаецца, да чаго ляжыць.
Еўрарадыё: А хто ў Каўнасе больш папулярны — мэр горада ці Арвідас Сабоніс?
Рымантас Мікайціс: Арвідас Сабоніс, без сумненняў (легендарны баскетбаліст нарадзіўся і пачынаў кар’еру ў Каўнасе, зараз жыве ў Іспаніі, але мае тут кватэру — Еўрарадыё). Ён амбасадар нашага чэмпіяната, зараз наведвае ўсе 24 краіны-удзельніцы будучага чэмпіяната Еўропы па баскетболе (пройдзе сёлета ў верасні — Еўрарадыё), мае сустрэчы на самым высокім узроўні.
Еўрарадыё: Вас пазнаюць на вуліцы?
Рымантас Мікайціс: Я — трэцюю кадэнцыю ў Савеце горада. Спачатку быў проста сябрам Савета, потым — віцэ-мэрам. І зараз у якасці мэра мяне шмат пазнаюць, хочуць падысці, нешта спытаць, павітацца.

Еўрарадыё: А да вас так проста можна на вуліцы падысці і павітацца, нешта запытаць? Вы ходзіце без аховы?
Рымантас Мікайціс: Вядома, можна падысці, ніякай аховы ў мяне няма! На працу ў мэрыю і дахаты я езджу на сваёй машыне, а службовую выкарыстоўваю толькі для паездак у Вільню ці падчас нейкіх асаблівых мерапрыемстваў, калі шмат сустрэч. Тады машына з кіроўцам неабходная, бо часу мала бывае і проста няма калі шукаць месца для паркоўкі — выскачыў і пабег на сустрэчу.
Еўрарадыё: Ці штрафавала вас паліцыя за перавышэнне хуткасці, напрыклад? Або мэра паліцыя не спыняе?
Рымантас Мікайціс: Пакуль не штрафавалі. Але гэта таму, што я хуткасць не перавышаю. Аднак аднаго майго калегу, дэпутата парламента, днямі спыніла паліцыя за перавышэнне хуткасці. Ён сам папрасіў калег пазбавіць яго дэпутацкай недатыкальнасці, калі будзе прынятае рашэнне, панесці адпаведнае пакаранне. Бо за тое, як ён перавысіў хуткасць, можа быць не толькі адміністрацыйнае, але і крымінальнае пакаранне.
Фота: Змітра Лукашука