“Маўклівая акцыя” 21 верасня сабрала ў Мінску 300 чалавек
Хапуна ў сталіцы гэтым разам не было, а вось у рэгіёнах здараліся адзінкавыя затрыманні. Пакуль няма звестак, ці ўсе затрыманыя былі адпушчаныя.
У Мінску ўдзельнікі акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Яны прастаялі там прыкладна гадзіну, пляскаючы ў ладкі. Машыны, што праязджалі паўз плошчу, раз-пораз сігналілі ім. За ўдзельнікамі назіралі прадстаўнікі міліцыі і пракуратуры, было вельмі шмат людзей у цывільным.
У Брэсце, у Магілёве і ў Гомелі на плошчы выйшлі па некалькі дзясяткаў чалавек. У шэрагу іншых гарадоў, такіх як Салігорск ці Пінск, “маўчуноў” на вуліцах былі адзінкі.
Як і ўлетку, на час “маўклівай акцыі” быў заблакаваны сайт Вконтакте, меліся праблемы з доступам да шэрагу інфармацыйных сайтаў.