Маці Івана Стасюка падала заяву аб гвалтоўным знікненні сына

Нагадаем, што 1 ліпеня каля восьмай вечара грамадскага актывіста Івана Стасюка затрымалі невядомыя ў цывільным. Потым пад’ехала міліцэйская машына, у якую пасадзілі хлопца і павезлі ў невядомым кірунку. Маці так і не здолела высветліць, у якім пастарунку знаходзіцца Іван.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гвалтоўнымі знікненнямі лічацца арышт, затрыманне, выкраданне ці пазбаўленне волі прадстаўнікамі дзяржавы, калі яны потым адмаўляюцца прызнаць факт пазбаўлення волі ды ўтойваюць местазнаходжанне затрыманага.

Іван Стасюк зусім нядаўна адбыў дзесяцісуткавы арышт за нібыта брыдкаслоўе. Яго затрымалі 14 чэрвеня напярэдадні “маўклівай акцыі”. 24 чэрвеня ён выйшаў з пастарунку, а цяпер яго затрымалі зноў.