“Магілёўдрэў” пасля “прыгоннага” дэкрэта: звальненняў няма і не будзе!
На дрэваапрацоўчых прадпрыемствах запэўніваюць, што супрацоўнікі паставіліся да ініцыятывы кіраўніка краіны “з разуменнем”.
“Звальненняў няма, і не будзе! Людзі паставіліся з разуменнем. У нас усё будзе зроблена ў адпаведнасці з законам”, — расказваюць мне ў аддзеле кадраў “Магілёўдрэва”.
Гэтае дрэваапрацоўчае прадпрыемства месяц таму сярод іншых гэткіх жа апынулася ў цэнтры ўвагі журналістаў. Яно не дзіўна — кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка пасля наведвання “Барысаўдрэва” раз’юшыўся і выказаў жаданне забараніць звальняцца супрацоўнікам. Маўляў, мадэрнізацыю правялі, а людзі працаваць не хочуць — уцякаюць у Расію “на зарабіткі”.
Сказана — зроблена. Ужо праз некалькі дзён маем Дэкрэт №9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”, згодна з якім, усе супрацоўнікі буйных дзяржаўных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў пераводзяцца на кантракт і звольніцца могуць толькі са згоды кіраўніцтва. На “Магілёўдрэве” прызнаюць, што гэта не ўсім спадабалася, але беспарадкаў няма.
“Людзям паведамляецца. Усе выказваюць сваю згоду, альбо нязгоду. Ніякіх звальненняў і беспарадкаў у нас няма… Усе людзі розныя. Мы з імі паразмаўлялі і знайшлі ўзаемапаразуменне”.
Тое самае чую і ў аддзелах кадраў іншых прадпрыемствах галіны. За месяц, што прайшоў з моманту публікацыі дэкрэта, ніхто не звольнены. Адно што, пакуль не могуць назваць памер дадатковых выплат супрацоўнікам, прадугледжаных прэзідэнцкім дакументам. Маўляў, у кожнага яны розныя, і ўвогуле, яшчэ пакуль ніхто не атрымаў гэтых грошай — змены адбываюцца паступова.
Карэспандэнту Еўрарадыё ўдалося знайсці дрэваапрацоўчае прадпрыемства, дзе супрацоўнікаў звальняць пакуль могуць. Гэта скандальна вядомы “Пінскдрэў”. Пасля ўцёкаў яго былога ўладальніка Ларана Арыніча і "нацыяналізацыі" на прадпрыемстве захаваліся старыя парадкі. У аддзеле кадраў кажуць, што на кантрактах 98% супрацоўнікаў сядзяць ажно з 2000-га года і нічога, зямля не трэснула.
“У нас на кантрактнай аснове 98%. Мы даўно так працуем, з 2000 года. Таму ў нас няма нейкіх зменаў, “шуганняў”… Пасля завяршэння кантрактаў мы не так шмат людзей звальняем. Таму ўсё нармальна ў нас”.
А вось на “Барысаўдрэве”, з якога і пачалася ўся гэтая гісторыя, размаўляць пра звальненні катэгарычна адмаўляюцца. Настолькі катэгарычна, што проста кідаюць трубку, пачуўшы словы “дэкрэт кіраўніка краіны”.
“Людзям паведамляецца. Усе выказваюць сваю згоду, альбо нязгоду. Ніякіх звальненняў і беспарадкаў у нас няма… Усе людзі розныя. Мы з імі паразмаўлялі і знайшлі ўзаема-
паразуменне”.