Магілёўскія дэмакраты абскарджваюць забарону пікетаў у судзе

18 красавіка, магілёўскія дэмакраты падалі скаргу ў суд Ленінскага раёна Магілёва з нагоды забароны пікетаў, якія яны збіраліся правесці з 25 па 27 сакавіка, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Заяўнікі просяць прызнаць незаконным рашэнне аб адмове ў правядзенні пікетавання, прызнаць незаконным і адмяніць рашэнне Магілёўскага гарвыканкама "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве", вынесці прыватнае вызначэнне на адрас Магілёўскага гарвыканкаму з нагоды існуючай практыкі падпісання неналежнай службовай асобай рашэнняў па заяўках грамадзян аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Таксама зяўнікі просяць суд абавязаць Магілёўскі гарвыканкам надрукаваць у газеце "Веснік Магілёва" рашэнне суда пасля ўступлення яго ў законную сілу. Яны таксама просяць абавязаць гарвыканкам прадставіць у суд копіі і арыгіналы сваіх рашэнняў, а таксама рашэнняў адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада аб прадастаўленні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў падчас адпаведных выбарчых кампаній 2010 года.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што рашэнне гарвыканкаму пярэчыць дзеючаму заканадаўству і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабронца таксама падкрэслівае, што адзінае месца ў Магілёве для правядзення масавых мерапрыемстваў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў не адпавядае патрабаванням правядзення масавых мерапрыемстваў.