Люцына Халіп: Cаннікаў як знаходзіўся ў КДБ, так і ёсць

18 траўня Ірыне Халіп паведамілі ў СІЗА КДБ, што ў іх Андрэя Саннікава няма і невядома, дзе ён. Акурат на гэты дзень Ірына дамаглася дазволу на спатканне з мужам. А маці палітвязня, Ала Саннікава, мелася занесці яму перадачу.


Пасля заявы кадэбоўцаў, што Саннікава ў іх няма, жонка і маці схадзілі на “Валадарку” і патэлефанавалі ў СІЗА Жодзіна – Саннікава ў іх таксама не было. Жанчыны вярнуліся ў КДБ, і тады дзяжурны паведаміў, што Саннікаў увесь гэты час быў у іх.


Пра гэта распавяла Еўрарадыё маці Ірыны, Люцына Халіп:


 “Дзяжурны КДБ сказаў Ірыне, што Андрэй знаходзіцца, як і знаходзіўся, у ізалятары КДБ. А чаму ім так адказалі, ён не ведае, бо гэты ізалятар не падпарадкоўваецца ім. Ірына заўтра зноў зробіць спробу, бо там абмежаваны тэрмін – праз тры дні гэтая паперка аб дазволе не будзе мець ніякай моцы. Яшчэ яны напісалі з Алай Уладзіміраўнай скаргу, каб яны прынялі перадачу заўтра, не ведаю, чым гэта скончыцца. Наогул, можна толькі 2 перадачы ў месяц”.

Еўрарадыё: Да гэтага часу вам прычыну не патлумачылі?
 
Люцына: “Яны і не патлумачаць. А навошта ім тлумачыць? Яны ж такія моцныя – яны ўсё могуць рабіць, а тут толькі жонкі, маці… Самі разумееце”.