Любоў Кавалёва просіць Лукашэнку адтэрмінаваць выкананне прысуду на год
Маці Уладзіслава Кавалёва, асуджанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме, накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот да кіраўніка дзяржавы.
Яна просіць адтэрмінаваць выкананне прысуду ў адносінах сына на год. "Спадзяюся, што за гэты час зварот, які знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, будзе разгледжаны. Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду", — цытуе зварот Любові Кавалёвай БелаПАН.
Нагадаем, днямі Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва. Сёння Любоў Кавалёва разам з адвакатам сына Станіславам Абразеем зноў будуць спрабаваць атрымаць у СІЗА КДБ інфармацыю пра тое, дзе цяпер знаходзіцца Уладзіслаў Кавалёў.