Лялькоў: Працягваць назіраць за гэтым цыркам не мае сэнсу
Сябра ЦВК з дарадчым голасам Ігар Лялькоў напісаў заяву пра выхад са складу Цэнтравыбаркама.
Пытанне аб выключэнні са складу ЦВК чальцоў з дарадчым голасам ад АГП і Партыі БНФ Віктара Карняенкі і Ігара Лялькова на сённяшнім паседжанні стаяла першым пунктам. Аднак Лялькоў апярэдзіў пастаянных чальцоў ЦВК і падаў сваю заяву пра выхад.
Ігар Лялькоў: “Калі ўвесь працэс, які нас цікавіць — працэс агітацыі і перадвыбарчай кампаніі, скончыўся, калі пачалося датэрміновае галасаванне, а мы ўсе ведаем, як яно ў нас адбываецца, то нейкіх нечаканасцяў за гэтыя 5 дзён я не чакаю. А далейшая цікавасць да гэтага цырку можа насіць трохі нездаровы характар”.
Гэты “дэмарш”, сцвярджае Лялькоў, з’явіўся нечаканасцю для пастаянных чальцоў Цэнтравыбаркама. Маўляў, яны хацелі яго выгнаць з ганьбай, а апынулася, што ён сышоў сам. Нават не застаўся на далейшы разгляд яго заявы і лёсу Віктара Карняенкі. Дарэчы, сам Карняенка нават не палічыў патрэбным прыйсці на гэтае пасяджэнне ЦВК.
Тым не менш, прадстаўнік ПБНФ лічыць, што сваю “місію” ў ЦВК яны выканалі: выкарысталі Цэнтравыбаркам у якасці трыбуны, з якой журналістам і назіральнікам АБСЕ паведамлялі пра парушэнні падчас рэгістрацыі кандыдатаў і агітацыйнай кампаніі.
Фота — belsat.eu