Лапцэвіч і Салаўёў абскарджваюць адміністратыўны арышт

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ "Адраджэньне" Зміцер Салаўёў і журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч абскардзілі ў Магілёўскім абласным судзе пастанову суда Ленінскага раёна аб адміністратыўным спагнанні ў выглядзе адміністратыўнага арышту.

Заяўнікі просяць абласны суд адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва ад 28 сакавіка і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні за адсутнасцю складу і падзеі правапарушэння. Акрамя гэтага яны патрабуюць абавязаць РАУС Ленінскага раёна падаць у суд свой відэазапіс, зроблены 25 сакавіка каля 17-00 гадзін падчас масавых затрыманняў у раёне Плошчы Зорак, і вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас Ленінскага РАУС за дапушчаныя супраць затрыманых міліцыянтамі парушэнні заканадаўства, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".


Нагадаем, што Зміцер Салаўёў і Уладзімір Лапцэвіч былі затрыманыя на Дзень Волі 25 сакавіка. Нагодай для затрымання стала дробнае хуліганства (лаянка), а таксама непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. У выніку Зміцер Салаўёў атрымаў пяць сутак адміністратыўнага арышту, Уладзімір Лапцэвіч – сем сутак.