Крыжаноўскі: Адразу пачну рабіць пятае дзіця!

120904 Luka6uk Vyniki.mp3

Гумарыст і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Яўген Крыжаноўскі адразу кінецца... рабіць пятага дзіця.

Яўген Крыжаноўскі: “Дзесьці а 12-й ночы ўсе ведаюць — хто стаў, хто не стаў, і а першай ночы я пачынаю рабіць пятае дзіця. Калі стану дэпутатам. Калі не, то цэлібат не аб’яўлю, проста займуся гэтым крыху пазней — выйду з запою ад гора і ўсё адно займуся гэтай справай. Я прапаноўваю ўсім мужыкам за гэтую справу ўзяцца: прыемная справа — чаму ж не!”

Намеснік старшыні Камуністычнай партыі Беларусі і пакуль дзеючы дэпутат парламента Валянціна Леаненка прызнаецца: якім бы ні быў вынік — найперш будзе адсыпацца.

Валянціна Леаненка: “Пайду нарэшце адасплюся! Бо за гэтую выбарчую кампанію мы выматаныя так бываем, што адзінае жаданне, ведаеце, адаспацца і адпачыць”.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка святкаванне перамогі плануе абмежаваць келіхам шампанскага. Абмежаванне будзе тычыцца і сябраў яго ініцыятыўнай групы.

Віктар Цярэшчанка: “Вып’ем келіх шампанскага, здымем стрэс, пойдзем спаць, раніцай прачнёмся і будзем думаць, як ажыццявіць маю праграму”.

Актывістка кампаніі “Гавары праўду!” Таццяна Караткевіч спачатку таксама хацела абмежавацца “15 кроплямі” шампанскага на ўсіх ды ложкам, але потым перадумала.

Таццяна Караткевіч: “Ведаеце, я ж балатуюся першы раз. Не ведаю, ці будзе другі раз, і таму трэба адзначаць такія рэчы, трэба рабіць усё, што ад цябе залежыць. Калі ёсць канкурэнты, якія раптам перамогуць мяне, то іх трэба павіншаваць. Ну, і калег па цэху — іншых дэмакратычных кандыдатаў”.

Карацей, не выключана, што дабрацца да ложка ў Таццяны пры любым выніку галасавання хутка не атрымаецца.

А вось Ігар Случак плануе паразу святкаваць як мінімум суткі, а перамогу — не менш за двое-трое. Прычым, па поўнай праграме, з усімі атрыбутамі моладзевай тусоўкі — алкаголем і дзяўчатамі!

Ігар Случак: “Я думаю, будзем гуляць усю ноч у любым выпадку. А калі выбяруць дэпутатам, то мы можам гуляць і другі дзень, і трэці. З усім наборам, які можа быць пры такой нагодзе”.

Яшчэ адзін экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў у выпадку перамогі плануе ўзняць чарку гарэлкі. Галоўнае, каб журналісты не зашкодзілі.

Рыгор Кастусёў: “Зразумела, калі вы не будзеце надакучваць, маецца на ўвазе — тэлефанаваць, тады можна будзе і чарку ўзняць. Калі будзе перамога. Ну, а калі зацвердзяць іншага... Я да гэтага стаўлюся спакойна”.

А таму ў выніку паразы кандыдат ад Партыі БНФ спакойна пойдзе спаць. Не баючыся тэлефанаванняў надакучлівых журналістаў.