Класкоўскі: У Беларусі любы сезон неспрыяльны ў палітычным сэнсе

120618 Luka6uk Vybary.mp3

Сёлета агітацыйная кампанія парламенцкіх выбараў прыпадае на самы разгар дачна-грыбнога сезона — ліпень-верасень. Ці здольныя людзі ў самы адказны час барацьбы за ўраджай і млявых адпачынкаў пачуць заклікі палітыкаў?

На думку ідэолага байкоту Віктара Івашкевіча, вялікай розніцы, калі будуць праходзіць выбары, няма — людзі даўно вызначыліся са сваім стаўленнем да іх.

Віктар Івашкевіч: “Я не бачу вялікай розніцы паміж тым, будуць галасаванні 23 верасня ці 23 кастрычніка. Агітаваць, па вялікім рахунку, няма чаго, ты не зможаш пераканаць чалавека, які кажа: “Твае выбары без сэнсу”, а ты яго заклікаеш прыйсці галасаваць. Таму, я лічу, усе вызначыліся ў сваіх пазіцыях адносна гэтых выбараў”.




Тым не менш і ў дачна-адпускны сезон людзей можна “вылавіць” па дарозе альбо ў краму, альбо на дачу, каб давесці словы пра неабходнасць байкоту выбараў, дадае Івашкевіч.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі ўпэўнены: час выбараў улады адмыслова выбралі такі, калі ў беларусаў перыяд найменшай палітычнай актыўнасці.

Віталь Рымашэўскі: “Час адмыслова падабраны такі, каб зменшыць актыўнасць беларусаў, каб зменшыць магчымасць працы з людзьмі дэмакратычным сілам Беларусі”.




Рымашэўскі перакананы, што кампаніі байкоту выбары 23 верасня не зашкодзяць. А ў якасці першай акцыі прапануе лідарам дэмсіл прыняць сумесную заяву аб непрызнанні вынікаў выбараў.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін згодны з калегам з БХД, што час для выбарчай кампаніі не самы зручны. Але — як для апазіцыі, так і для ўлады. Таму прапануе не звяртаць увагу на надвор’е, а лавіць людзей там, дзе толькі магчыма. Галоўнае, сцвярджае палітык, не тое, што галовы людзей занятыя барацьбой з каларадскімі жукамі ці хуткай паездкай на мора, а каб знайсці да гэтых людзей падыходы.

Леў Марголін: “Вядома, людзей цікавіць і ўраджай бульбы, але не менш іх цікавіць, што з 1 чэрвеня павышаюцца кошты на ваду ды іншыя камунальныя паслугі, што заробкі ў іх стаяць на месцы, а кошты ў крамах штодня растуць. Людзі з гэтым кожны дзень сутыкаюцца. Таму, я думаю, мы знойдзем водгук у людзей і ў гэты час”.




Марголін нагадвае, што АГП плануе падчас выбараў праводзіць кампанію “За свабодныя выбары без Лукашэнкі”. І без вылучэння сваіх кандыдатаў у дэпутаты.

У адрозненне ад сваіх калег, Партыя БНФ ідзе на выбары, прычым усім сваім кіруючым складам на чале са старшынёй Аляксеем Янукевічам і экс-кандыдатам у прэзідэнты Рыгорам Кастусёвым. Час для выбарчай кампаніі падаецца Янукевічу даволі зручным.

Аляксей Янукевіч: “Амаль што ўвесь верасень захопліваецца, і гэта нармальна. Таму што самы мёртвы час — жнівень. Можа, апроч апошняга тыдня жніўня. Што тычыцца календару, то асаблівых складанасцяў гэта не стварае. Гэта не мароз 30-градусны. І ў апошні тыдзень жніўня людзі звычайна вяртаюцца ў свае кватэры. І тут, акурат, мы праблем не бачым ніякіх”.




Янукевіч прызнае: у сваёй большасці людзей будзе мала цікавіць палітыка і выбары. Незалежна ад сезона. Але спадзяецца, што эканамічныя складанасці прымусяць беларусаў прыслухацца да слоў кандыдатаў. На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, цікавасць людзей да выбараў не залежыць ад месяца года.

Аляксандр Класкоўскі: “У Беларусі любы сезон неспрыяльны ў палітычным сэнсе. І мітынгі на марозе — гэта кепска, бо АМАП сядзіць у цёплых аўтобусах і яму, як вядома, трэба 7,5 хвілін, каб ачысціць “Плошчу”. І адпускны сезон — кепска, бо народ размагнічаны і грэецца недзе на сонейку альбо стаіць у пэўнай позе на лецішчы і займаецца градкамі. Нібыта — гэта сезонныя чыннікі. Але насамрэч гэта — чыннікі палітычныя, і народ перадусім дэпалітызаваны”.




Нагадаем, 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў чарговыя парламенцкія выбары, як і чакалася, на 23 верасня.

Фота: Змітра Лукашука, peru21.pe