Кіеў ці Мінск: хто лепш справіўся са снежным ураганам?
На трэці дзень пасля стыхіі ўкраінская сталіца так і не змагла вярнуцца да нармальнага жыцця.
“І валанцёры, і не валанцёры — усе адкапваемся са снегу. Снегу — па вокны. Асноўная наша задача зараз — хаця б дабрацца да працы”, — здзіўляюць мяне супрацоўнікі кіеўскага філіялу “Чырвонага крыжа”, куды тэлефаную даведацца, як актывісты арганізацыі дапамагаюць кіеўлянам перажыць стыхію.
Снежны ўраган пачаў бушаваць у Кіеве тры дні таму — у мінулую пятніцу. Скончыўся ў суботу. Аднак гэтага хапіла, каб цалкам паралізаваць сталіцу Украіны на некалькі дзён. Улады нават абвясцілі панядзелак 25 сакавіка выхадным. “Усё адно ніхто не можа дабрацца да працы”, — жартуюць кіеўляне. У беларускай сталіцы валанцёры “Чырвонага крыжа” выехалі ў горад, не чакаючы паведамленняў аб заторах, дапамагалі людзям да вечара суботы.
Вось такія аб'яўкі з'яўляюцца на сценах кіеўскіх панэлек.
У суботу і нядзелю вуліцы Кіева ператварыліся ў суцэльныя заторы. На вузкіх цэнтральных вуліцах машыны стаялі ўсю ноч. Жыхарка Кіева Вольга расказвае Еўрарадыё, што адной з прычын транспартнага калапсу можа быць нерухавасць уладаў — уезды і выезды з Кіева перакрылі толькі ў суботу, калі было ўжо позна.
“У суботу ўсё стаяла, усё спынілася. Праблема была ў тым, што ў горад заехалі фуры і заблакавалі рух. Уезды і выезды з Кіева перакрылі толькі ў суботу, калі было позна — рух спыніўся задоўга да гэтага”.
У Мінску, дзе ідэнтычныя снежныя падзеі адбыліся на тыдзень раней, улады былі больш спрытнымі. Выезды з горада перакрылі яшчэ ўначы на суботу, таму сітуацыя на вуліцах і загарадных трасах была не настолькі складанай.
У Кіеве, як і ў Мінску, снежная стыхія спыніла працу аэрапортаў. Людзі вымушаныя суткамі чакаць сваіх рэйсаў, выбрацца з кіеўскіх аэрапортаў Барыспаль і Жуляны праблематычна. Украінскія СМІ пішуць пра выпадак, калі таксі 15 км з аэрапорта праехала за… 15 гадзін! Як даведалася Еўрарадыё, кошты на таксі там у сярэднім павялічыліся ўдвая. У Мінску падчас “Хавера” было тое самае, расказвае дыджэй адной са сталічных FM-радыёстанцый, у эфір якой тэлефанавалі абураныя прадпрымальнасцю таксістаў мінчане.
“Камусьці прыйшлося пачуць аб суме ў 500 тысяч, камусьці — 350. Але наколькі нам вядома, у тую ноч амаль усе таксісты працавалі паводле двайнога тарыфу”.
Чым яшчэ падобныя Мінск і Кіеў — дык гэта самаарганізацыяй жыхароў. Але калі мінчане збольшага арганізоўваліся для расчысткі сваіх двароў ад снегу (у чымсьці большым не было патрэбы), то кіеўлянам прыходзіцца займацца куды больш сур’ёзнымі справамі. У сацыяльных сетках паўсталі групы, дзе каардынуецца праца ахвотных расчысціць ад снегу ўваходы ў метро — адзіны від гарадскога транспарта, які працуе без перабояў, альбо дапамагчы пенсіянерам з дастаўкай прадуктаў (з гэтым праблемы на перыферыі горада). Людзі складаюць у інтэрнеце спіс крамаў, куды прадукты, перадусім хлеб і малако, падвозяць без перабояў.
А вось пра суботнікі па ўборцы снегу ў Кіеве пакуль нічога не чуваць. Мінск у гэтай справе далёка наперадзе паўднёвага суседа.