Хадыка: Мэта “Чарнобыльскага шляху” ад пачатку — змагацца са страхам
Сёння ў Мінску збярэцца аргкамітэт правядзення традыцыйнай вулічнай акцыі на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы.
Удзельнікаў сёлетняга "Чарнобыльскага шляху" будуць пускаць да месца збору толькі праз міліцэйскія турнікеты. А само шэсце і мітынг будуць пільна кантраляваць праваахоўнікі. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень. Адзначым, што сталічныя ўлады на сённяшні дзень яшчэ не прынялі рашэння, дазволіць акцыю ці забараніць.
Старшыня аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху" Юры Хадыка кажа, што меры бяспекі патрэбныя, але яны не павінны перакрочваць пэўныя межы.
Хадыка: “Стала ўжо традыцыяй падпісваць спецыяльную пісьмовую дамову з міліцыяй аб парадку правядзення “Чарнобыльскага шляху”. Спадзяюся, што гэтыя прапановы высокага міліцэйскага начальніка будуць абмеркаваныя, і да нейкай прымальнай формы мы здолеем прыйсці. Пярэчыць некаторым мерам бяспекі, якія могуць быць падказаныя гэтай трагедыяй, немагчыма. Але і ператвараць гэта ў суцэльны крымінальны пошук, я не бачу падставаў”.
Што да атмасферы страху і баязлівасці, якая пануе пасля тэракту, то Хадыка кажа, што “змагацца са страхам — гэта і ёсць мэта “Чарнобыльскага шляху” ад пачатку яго існавання”.
Паводле слоў Юрыя Хадыкі, арганізатары прасілі мінскія ўлады даць адказ да 21 красавіка. Сёння збіраецца аргкамітэт, які распрацуе "лінію паводзінаў" у выпадку, калі акцыя не будзе дазволеная.
Нагадаем, сёлета ўдзельнікі "Чарнобыльскага шляху" плануюць сабрацца каля будынка Акадэміі Навук і прайсці шэсцем да "Чарнобыльскага каменя” ля капліцы ў парку Дружбы народаў. Там мусіць адбыцца мітынг. У аргкамітэт правядзення акцыі ўвайшлі аргкамітэт па стварэнні БХД, АГП, Партыя БНФ, "левыя", сацыял-дэмакраты, рух “Гавары праўду!”.