Кандыдатам у дэпутаты прапануюць апрануць майкі з выявай палітвязняў

З такой ініцыятывай выступілі рэкламшчыца Юля Ляшкевіч і намесніца старшыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады Фронт” Наста Палажанка.

Юля Ляшкевіч: "Напярэдадні вялікая колькасць кандыдатаў у дэпутаты падпісалі ліст з абавязаннем падтрымліваць палітвязняў. Вось мы і падумалі, што добра было б вырабіць для кожнага з кандыдатаў цішоткі з выявамі розных палітзняволеных. Гэта пабачаць людзі, гэта пойдзе ў прэсу. Гэта павінна стаць нармальным рытуалам, нармальнай звычкай: публічная дзея — апранулі цішотку з выявай кагосьці з палітзняволеных. Нашы людзі павінны памятаць: у нас сядзяць за кратамі абсалютна невінаватыя людзі!”

Не паспела нарадзіцца ідэя, распавядае Юля, як тым жа вечарам да працы былі прыцягнутыя прафесійныя дызайнеры. Яны за ноч распрацавалі тры праекты будучых цішотак з выявамі палітвязняў. Адзіная праблема — няма фотаздымкаў палітвязняў у добрай якасці. Зараз Ляшкевіч і Палажанка шукаюць такія здымкі. Як толькі знойдуць і зробяць і праекты цішотак, іх зможа самастойна зрабіць кожны ахвотны — неабходныя спасылкі будуць выкладзеныя ў вольным доступе ў інтэрнэце.

Але найбольшай актыўнасці ў вырабе такіх цішотак ініцыятары акцыі чакаюць ад тых палітычных сіл, якія вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты.

Фота з архіву svaboda.org