Каму хоча накідаць кухталёў дзяржпалітолаг Гігін?
Варыянты тры: свайму калегу з “таго боку” Віктару Марціновічу, беларускім вайскоўцам і заходнім правакатарам.
Інтэрнэт-грамадскасць скалыхнулася ў прадчуванні: “Марціновіча будуць біць!” А як інакш можна было зразумець каментар Вадзіма Гігіна пад сваім жа матэрыялам пра “шведскіх медзведзянят” у блогу на сайце БелТА?
Цытую: “Ну, што вы хочаце ад Марціновіча? Чалавек знаходзіцца па той бок барыкад. Яго задача нанесці максімальныя страты дзеючай сістэме. Вось, ён і піша так, што куды ні кінь, паўсюль клін. А сітуацыя сапраўды не простая, у ёй неабходна было разабрацца, мне, прынамсі. Тым больш, як я мяркую, адной з задач было прыцягнуць максімальную ўвагу да гэтай акцыі, узняць шум. Вось Марціновіч і правакаваў сваім тэкстам. З майго пункту гледжання, і правільна зрабілі, што не сталі ўзнімаць шуміху. Па мордзе трэба даць, натуральна, але цішком”.
Калі што, то Віктар Марціновіч — палітолаг, намеснік галоўнага рэдактара “БелГазеты”, Вадзім Гігін — палітолаг, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”. Першы напісаў, што дзяржаўных ідэолагаў неабходна выганяць з працы за тое, што яны адразу не патлумачылі людзям сітуацыю са “шведскімі мядзведзікамі”, другі напісаў, дзе ў мядзведзіках схаваная правакацыя супраць Беларусі і яе войска.
Марціновіч пагрозы для свайго твару ў допісе Гігіна не пабачыў. Біць, лічыць ён, дзяржаўны палітолаг сабраўся не яго, а... беларускіх вайскоўцаў.
Віктар Марціновіч: “Я так разумею, што ён кажа пра тых, хто спрычыніўся да пропуску гэтага самалёта, пра тых салдат, якія прашляпілі гэты самалёт. Таму не ўспрыняў гэта як фізічную пагрозу са мной пабіцца”.

Калі ж апанент меў на ўвазе менавіта яго твар, то, задумаўся Віктар, давядзецца падумаць, як на гэта рэагаваць.
Еўрарадыё звярнулася да самога Вадзіма Гігіна і атрымалася, што бойкі не будзе.
Вадзім Гігін: “Я не яго маю на ўвазе. Я маю на ўвазе арганізатараў правакацыі гэтай, якая была зроблена з гэтым самалётам”.
Больш за тое, артыкул Марціновіча яму спадабаўся, бо аўтар сцвярджае, што ніхто ў гэтых мядзведзікаў у нас не паверыў. А вось як галоўнаму рэдактару “Беларускай думкі” ўдалося ў адным сказе схаваць некалькі сэнсаў — гэта, маўляў, такі адмысловы стыль абмеркавання на форуме.
Вадзім Гігін: “Гэта проста стыль такі абмеркавання на форуме — палемічны. І там выкарыстоўваюцца розныя словы. Я меў на ўвазе арганізатараў, бо відавочна, што не думаю, што ёсць нейкі план, але ёсць замова пэўных сіл, і яны раз за разам арганізоўваюць гэтыя правакацыі. І ёсць арганізаваная сістэма прапаганды — ваша радыё належыць да гэтай сістэмы прапаганды, якая гэтыя правакацыі раскручвае”.
Такі “форумны стыль” з нападамі на апанентаў Віктар Марціновіч называе пагоняй за таннымі "лайкамі", якім паддаюцца нават выхаваныя людзі. Не зважаючы на журналісцкую этыку.
Віктар Марціновіч: “Адзіны этас беларускага, англамоўнага, рускамоўнага сеціва — гэта этас абразлівай істэрыкі. Назваць чалавека мудаком, злачынцам, як мага прымітыўней, зрабіць гэта не інтэлігентна, а — "аінтэлігентна", тады можна чакаць, што цябе заўважаць, будуць лайкаць, каменціць. Гэта не з-за таго, што ты нявыхаваны, а таму што сеціва і сеціўная логіка вымагае менавіта такіх паводзінаў”.
І прапануе стварыць... кодэкс этыкі для сусветнага павуціння.
Дарэчы, з розніцай прыкладна ў 15 хвілінаў, следам за допісам Гігіна, у інтэрнэце з’явіўся допіс Асі Паплаўскай. Якая абвінаваціла Марціновіча ў тым, што ён... сам забараніў сваю кнігу “Параноя”, а не ўлады. Дзеля піяру. А ў якасці аргумента на карысць сваёй версіі дзяўчына запатрабавала ад Віктара прад’явіць доказы таго, што той гэтага не рабіў! Відаць, кодэкс этыкі для сеціва і сапраўды не зашкодзіць. Але як тады быць з чаканымі "лайкамі"?