Калякіну пагражаюць пераследам за ўскладанне кветак да помніка Леніна

Як паведамляе БелаПАН, нагодай для выкліку ў міліцыю стала тое, што 7 лістапада партыйцы ўклалі кветкі да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У акцыі ўдзельнічала 30-40 чалавек. Пасля ўскладання кветак Сяргей Калякін выступіў з кароткай прамовай перад аднапартыйцамі.

Міліцыянты цікавіліся ў палітыка, чаму ён з партыйцамі ўскладаў кветкі, чаму не падавалі заяўку на акцыю, што ў яго пыталі журналісты. Калякін растлумачыў, што ўскладанне кветак не трапляе пад закон пра масавыя мерапрыемствы, бо не з'яўляецца шэсцем, мітынгам ці дэманстрацыяй.

Пратакол апытання міліцыянты абяцаюць перадаць следству. А яно правядзе праверку, ці было парушэнне закона. Не выключана, што супраць Калякіна пачнуць справу.