Іпэшнікі дабраліся да Сіліконавай даліны

120717 Marcin_Programm.mp3

Яны самыя сапраўдныя ІП. Каб стаць рэзідэнтам Парку, айцішнік Сяргей Арлоў патраціў каля двух месяцаў, яму прыйшлося выступаць перад старшынёй Акадэміі навук:

“Асноўнае патрабаванне, каб тваё праграмнае забеспячэнне было навукаёмістае, карыснае і запатрабаванае для заходняга заказчыка. Стоячы ў зале перад навукоўцамі, перад старшынёй Акадэміі навук, адказваць на пытанні — гэта складана”, — тлумачыць Еўрарадыё Сяргей Арлоў, адзін з двух рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, які зарэгістраваны як ІП.

І гэта на 109 рэзідэнтаў-кампаній. Чаму ж у Парку так мала індывідуальных прадпрымальнікаў?

“Традыцыйны рынак IT у нас — гэта афшорнае праграмаванне [софт на замову. — заўв. Еўрарадыё]. І няма кампаніі, якая б выпускала свой софт на продаж. Калі толькі для ўнутраных мэтаў. А мая спецыфіка — гэта софт на продаж. Прасоўваць яго на рынак складана. Прыбыткі тут невялікія, але адчуваеш сябе незалежным ад заказчыка”, — пералічвае плюсы такой працы Сяргей Арлоў.

Сяргей прадае замежнікам сваю праграму, якая вылічвае ўстойлівасць будынкаў. Купляюць!

“Праграмы, якія дапамагаюць змадэляваць паводзіны рэальных будаўнічых канструкцый стрыжнёвага тыпу”, — даводзіць IT-іпэшнік.

Набыць такую праграму можа як і буйная фірма ў Францыі, так і асобны чалавек, які проста вывучае гэтую тэму. Але з рэкламай… праблемы.

“Важную ролю грае маркетынг, прамоўшн. Гэтага не хапае, бо адзін не знойдзеш, як ушчыкнуць кліента за тое, што яму цікава”, — гаворыць Сяргей.

Парк высокіх тэхналогій грошы на праекты не дае. Але ёсць бонусы: зніжаны падатак у 9%, міжнародныя форумы і статус рэзідэнта Парку.

“IT-праекты вымагаюць шмат рэсурсаў, і ў адзіночку яны не распрацоўваюцца. Праекты робяцца камандамі, таму большасць — гэта аб’яднанне кампаній. Ёсць толькі некалькі прыкладаў, калі прадукт распрацавалі ў адзіночку і яго ж прадаюць”, — кажуць Еўрарадыё ў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў.

Фота: us.123rf.com