Хакеіст-прафесіянал, які гуляў за каманду Лукашэнкі: Немагчыма адмовіцца
Журналісты налічылі ў шэрагах аматарскай каманды кіраўніка Беларусі ажно адзінаццаць прафесіяналаў. Гэта без уліку былых вядомых хакеістаў.
“Для мяне гэта вялізнае задавальненне. Таму гэта вельмі прыемна. Калі мяне яшчэ запросяць, то я адразу ж прыеду і нават не буду сумнявацца, ці варта туды ехаць”, — расказвае нападаючы хакейнай каманды “Юнацтва” Максім Слыш пра ўдзел у “Калядным турніры” па хакеі, зладжаным “Прэзідэнцкім спартыўным клубам”.
Аматарскі турнір выйграла беларуская каманда, ачоленая самім Лукашэнкам. У фінале беларусы перамаглі зборную Расіі з лікам 5:2. І калі ў аматарстве Лукашэнкі сумнявацца не прыходзіцца (усё ж, як бы каму не хацелася, асноўная прафесія ў яго іншая), то вось аўтарамі і асістэнтамі беларускіх галоў былі, далікатна кажучы, не зусім аматары.
Максім Слыш, размовай з якім пачынаецца гэты матэрыял, — прафесійны хакеіст, гуляе на пазіцыі нападаючага ў мінскім “Юнацтве”. Нагадаем, што гэты клуб гуляе нават не ў сціплым чэмпіянаце Беларусі, а ва Усерасійскай хакейнай лізе.
Аўтар яшчэ дзвюх шайбаў і адной галявой перадачы — капітан “Гомеля” Арцём Сянкевіч. У клубе Еўрарадыё пацвердзілі, што гэта быў насамрэч іх гулец, але звязацца з ім не ўдалося — адразу пасля выступлення за каманду кіраўніка краіны Сянкевіч выехаў з “Гомелем” у Гродна, дзе ў межах адкрытага чэмпіянату Беларусі будзе гуляць супраць “Нёмана”.
Рэсурс спартыўных навінаў goals.by па адзіным апублікаваным фотаздымку аматарскай каманды Лукашэнкі налічыў у ёй ажно адзінаццаць прафесійных хакеістаў. Акрамя названых Слыша і Сянкевіча, на лёд выходзілі брамнік “Гомеля” Сяргей Шабанаў, форвард “Юнацтва” Сяргей Задзялёнаў, абаронца “Шахцёра” Сяргей Стась, хакеіст кіеўскага “Сокала” Аляксей Круцікаў і іншых. У мінулым годзе такіх “аматараў” было 9 чалавек.
У межах турніру беларуская каманда згуляла чатыры матчы за чатыры дні. Няслабы графік, калі ўлічыць, што шмат каму — яшчэ выходзіць на лёд і адпрацоўваць свае немаленькія заробкі ў клубах. Але нападаючы “Юнацтва” Максім Слыш не наракае. Гаворыць, што ад прапановы згуляць у адной камандзе з кіраўніком краіны адмовіцца немагчыма. А калі яго зноў запросяць — абавязкова пагодзіцца. Бо гэта — суцэльны пазітыў.
“Я насамрэч вельмі шмат пазітыўных эмоцый атрымаў учора падчас гульні. І наадварот, толькі з імі прыеду ў сваю каманду. Буду цалкам ёй аддавацца, з вялікім задавальненнем. Змагацца ўвесь час за перамогу”.
Як даведалася Еўрарадыё, пратаколаў усіх гульняў турніра з прозвішчамі гульцоў у вольным доступе няма. Гэта таямніца. Не змаглі адказаць у Прэзідэнцкім спартыўным клубе і на пытанне, чаму сяроод беларускіх аматараў хакея так шмат прафесіяналаў.
Дарэчы, акрамя Беларусі пра “неафіцыйны чэмпіянат свету” мала, дзе ведаюць.
“Я не чуў пра гэта, прабачце. Толькі атрымаў ваш емэіл і даведаўся пра гэта” – здзіўляецца мэнэджэр аўстрыйскай федэрацыі хакея. Разводзяць рукамі і ў швейцарскай федэрацыі хакея:
“Я не ведаю, якая каманда са Швейцарыі ўдзельнічала ў гэтым турніры. Калі каманда са Швейцарыі ўдзельнічае ў такім турніры ў Беларусі, яна не патрабуе прыцягнення федэрацыі, калі гэта неафіцыйны турнір”.
Чаму ж пра турнір, якому так шмат надаюць увагі ў Беларусі, амаль нікому не вядомы? Тлумачыць старшыня Федэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін:
“Федэрацыі нам не дапамагаюць наладжваць кантакты. Гэта ў нас сувязі на ўзроўні прадстаўнікоў бізнэса і сур’ёзных камерцыйных кампаній, у тым ліку і тых, што займаюцца забяспечваннем спартовай формай, інвентаром і гэтак далей. То бок тут складаны механізм. Канешне, ніхто наўпрост з федэрацыі не займаецца фарміраваннем каманды і адпраўкай”.
“Для мяне гэта вялізнае задавальненне. Таму гэта вельмі прыемна. Калі мяне яшчэ запросяць, то я адразу ж прыеду і нават не буду сумнявацца, ці варта туды ехаць”