Гомельская міліцыя раіць не гуляць у цэнтры горада па сярэдах
Грамадзяніна Расіі, затрыманага ў Гомелі на акцыі маўклівай салідарнасці, суд аштрафаваў "за нецэнзурную лаянку" і "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі".
Працэс над ім прайшоў 16 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомелю, паведамляе БелаПАН. Расіянін прасіў СМІ не называць яго прозвішча.
На судзе мужчына паказаў, што ўвечары 15 чэрвеня быў на ўваходзе ў цэнтральны парк Гомеля і чакаў жонку. Раптам яго схапілі спецназаўцы, даставілі ў міліцыю без тлумачэння прычынаў. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання.
Сведкам на судзе выступаў спецназавец Юры Бярозкін. Ён сцвярджаў, што мужчына быў затрыманы за нецэнзурную лаянку. Міліцыянт патлумачыў, што мацюкі вызначыў на вока — нібыта мужчына выказваў незадаволенасць і размахваў рукамі. Сам затрыманы кажа, што падчас затрымання ён размаўляў па тэлефоне з жонкай, і, магчыма, размахваў рукамі, але не лаяўся.
Прыватна міліцыянты параілі расіяніну і яго жонцы наогул не гуляць у цэнтры Гомелю па сярэдах. Нагадаем, што на гэтыя дні карыстальнікі сацыяльных сетак ладзяць сустрэчы маўклівай салідарнасці на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў.