Гомельскі КДБ выявіў незарэгістраваных баптыстаў
А пракуратура афіцыйна папярэдзіла іх аб недапушчальнасці дзейнасці ў Беларусі ў "незарэгістраваным" выглядзе.
18 красавіка пракуратура Чыгуначнага раёна Гомеля вынесла папярэджанне кіраўніку і чатыром актывістам незарэгістраванай рэлігійнай абшчыны Міжнароднага савета цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў, якая дзейнічае ў Гомелі.
Папярэджанне вынесенае паводле інфармацыі ўпраўлення КДБ, якое вызначыла, што ў прыватным доме праводзіліся набажэнствы з удзелам вялікай колькасці людзей. Пры гэтым абшчына баптыстаў не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю.
"Яе кіраўнік і актывісты растлумачылі, што не лічаць патрэбным праходзіць рэгістрацыю. Пасля праверкі ў пракуратуру паступілі шматлікія скаргі з розных краін, у якіх замежныя прыхільнікі ідэй арганізацыі патрабавалі спыніць пераслед арганізацыі", — растлумачыў БелаПАН намеснік пракурора Чыгуначнага раёна Дзмітрый Дзябой.
Ён нагадаў, што, згодна з законам і дэкрэтам прэзідэнта, дзейнасць незарэгістраваных і неперарэгістраваных аб'яднанняў на тэрыторыі Беларусі забароненая. Прэсвітара папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння закону і дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі і нагадалі яму пра крымінальную адказнасць. Складзены адміністрацыйны пратакол, які быў накіраваны ў суд.