“Гавары праўду” прапануе арганізаваць кантроль за будаўніцтвам у Мінску
На мапе горада актывісты кампаніі адзначылі 50 праблемных месцаў, звязаных з будаўніцтвам і рэканструкцыяй.
Кампанія “Гавары праўду” ініцыюе стварэнне грамадскай камісіі, якая б кантралявала забудову Мінска.
“Мы хочам, каб у Мінску была створаная грамадская камісія, якая б кантралявала забудову, кантралявала архітэктурныя праекты, кантралявала ўсё, што тут збіраюцца рабіць. Абавязкам якой было б паведамляць людзям загадзя аб планах забудоўшчыкаў”, — патлумачыў прадстаўнік кампаніі Андрэй Дзмітрыеў, але не ўдакладніў, хто мусіць увайсці ў камісію.

Папярэдне была створаная мапа Мінска, на якой пазначаныя 50 праблемных месцаў, звязаных з будаўніцтвам і рэканструкцыяй. Пра іх паведамлялі самі мінчане на адмысловую “гарачую лінію”, адкрытую ў кампаніі “Гавары праўду”.
Паводле слоў Андрэя Дзмітрыева, іх юрысты ды актывісты абяцаюць дапамагаць людзям адстойваць свае правы ў кожным з выпадкаў. Дзеля гэтага быў створаны адмысловы праект “Будкантроль”.
“Сёння няма заканадаўства па будаўніцтве ў Беларусі, — адзначае галоўную праблему Андрэй Дзмітрыеў. — Існуюць рознага кшталту акты, указы. Але ў нас няма агульнага “Будаўнічага кодэкса”, дзе было б усё сабрана і аб’ядна па гэтай тэме”.
Такі кодэкс могуць распрацаваць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Для гэтага, мяркуе Дзмітрыеў, пытанне аб праблемах будаўніцтва павінна ўсё часцей уздымацца ў грамадстве.
Андрэй Дзмітрыеў: “Нам трэба зрабіць гэтую тэму гучнай і публічнай. Мы будзем сустракацца з кожным з дэпутатаў Мінгарсавета. З кожным з іх мы гэтую тэму абгаворым і кожнага з іх абавяжам, ці — ён адмовіцца гэтую тэму ўзнімаць у грамадстве. Таксама мы пастаянна будзем дасылаць адпаведныя звароты паўсюль, праводзіць канферэнцыі — нам неабходна проста актуалізаваць гэтую тэму”.

Міхась Пашкевіч

Юрась Салодкі

Фота: Змітра Лукашука