Фядыніч: Напад на офіс звязаны з падрыхтоўкай Народнага сходу

Сёння раніцай супрацоўнікі незалежнага прафсаюза РЭП знайшлі свой офіс пашкоджаным. Дзверы былі аблітыя фарбай, а вокны разбітыя. Старшыня арганізацыі Генадзь Фядыніч пракаментаваў Еўрарадыё здарэнне. 
Фядыніч: “Мы шчыра здзіўленыя, бо ў гэтым офісе прафсаюз існуе ўжо 20 гадоў, і раней мы праводзілі акцыі — і нічога не было. Безумоўна, мы звязваем гэта з тым, што прафсаюзныя актывісты ўключыліся да падрыхтоўкі і правядзення мясцовых Народных сходаў па рэгіёнах. І сёння так здарылася, што наш офіс становіцца тым месцам, дзе людзі збіраюцца, раяцца, што рабіць далей і як рабіць, праходзяць прэс-канферэнцыі не толькі прафсаюзныя, але і іншых аб’яднанняў. Думаю, што гэта звязана якраз з той падрыхтоўкай і з тым, як сябе сёння паводзяць нашыя актывісты, як далёка яны сёння пайшлі ў абароне правоў чалавека. Думаю, гэта нам такое папярэджанне — сядзіце ціха, тады ўсё будзе добра”.
На дзверы былі налепленыя налепкі з літарамі “А”, “Н”, “Б” — калі расшыфраваць, то гэта "Аўтаномныя нацыянал-бальшавікі". 
Фядыніч: “Усе сходзяцца да таго, што гэтая арганізацыя — невядомая, сам прафсаюз з імі ніколі не кантактаваў і не канфліктаваў. Можна меркаваць, што гэта шыльда, якую хочуць замацаваць, каб увесці ў зман нас і ўлады. Гэта не азначае, што праца будзе спыненая і хтосьці кагосьці запужаў. Гэта проста сумна, што ў краіне наша адміністрацыя, дзяржаўныя СМІ кажуць, што ў нас дэмакратычная рэспубліка, што ў нас усё добра. Вось у цэнтры Мінска мы гэты пакой пабачылі”.