Фядута: З абвінавачвання не вычысцілі зневажаючую юрыспрудэнцыю парнаграфію

Суд над экс-кандыдатамі Ўладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, а таксама актывістамі кампаніі “Гавары праўду” Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзмітрыевым і Сяргеям Вазняком сабраў надзвычайную колькасць журналістаў, паплечнікаў палітыкаў, проста цікаўных. Відаць, з-за гэтага быў уведзены падвойны кантроль: першы міліцэйскі дагляд быў на ўваходзе ў будынак Фрунзенскага суда, другі – у залу судовых пасяджэнняў.



Прычым, паспяховы праход праз першы кантроль не азначаў аўтаматычнага трапляння ў залу суда.

На суд Аляксандр Фядута, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Вазняк прыехалі разам і “сваім ходам”. У размове з Еўрарадыё, Сяргей Вазняк адзначыў, што ў яго няма ні страху перад судом, ні сораму за зробленае.

Сяргей Вазняк: “Калі б мы некага зарэзалі, забілі, скралі нешта, то, напэўна, было сорамна і, напэўна, страшна. Але, паколькі мы нічога такога не рабілі, а за тое, што мы рабілі, нам не сорамна, таму і не страшна”.



Што тычыцца спадзяванняў адносна рашэння суда, то, кажа Андрэй Дзмітрыеў, прадказаць яго немагчыма, а іх галоўная задача – паводзіць сябе годна і нікога не падставіць.

Андрэй Дзмітрыеў: “Ёсць такая асаблівасць у нашай групы: тое, што гэта першая група, якая будзе выступаць перад судом, і пры гэтым -- прыйшла з волі, а не прыехала з-за кратаў. І – пабачыць, зараз прадказаць вынік суда немагчыма. Я лічу, што наша справа – выглядаць годна, не падставіць нікога. А ўжо справа суда, ці, мабыць, тых, хто стаіць па-за судом, вырашаць – якую будучую краіны яны бачаць”.




Па словах Аляксандра Фядуты, у яго была слабая надзея на тое, што суд адмовіцца ад часткі фармулёвак абвінавачвання, але гэтага не здарылася. Што, кажа, яшчэ раз зацвердзіла палітычнасць усяго судовага працэсу.

Аляксандр Фядута: “У мяне была слабая надзея на тое, што ў абвінавачвання хопіць мазгоў і мужнасці вычысціць з абвінаваўчага заключэння зневажаючую беларускую юрыспрудэнцыю парнаграфію, але, на жаль, гэтага зроблена не было. Гэта – фінансаванне замежнымі фондамі ды іншыя фармулёўкі, толькі што без узгадкі “пятай калоны”. І таму я думаю, што гэта – палітычны працэс”.

Прыйшоў у суд падтрымаць свайго сябра Ўладзіміра Някляева і вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін. Праўда, у залу ён таксама не здолеў патрапіць. І ў яго, кажа, няма ніякіх спадзяванняў на апраўдальны прысуд.

Генадзь Бураўкін: “На жаль, як мне здаецца, апраўдальнага прысуду наўрад ці мы дачакаемся. І мне здаецца, што зараз не столькі вынік гэтых працэсаў цікавы людзям, колькі тое, як будуць суддзі, пракурор, а раней – следчыя, апраўдваць тую кампанію жорсткасці, тую кампанію пераследу, якая ў нас ідзе, на жаль, вельмі-вельмі шырока”.



Лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, якому таксама не хапіла месца ў судовай зале, заўважыў, ня гледзячы на розныя артыкулы абвінавачвання, падабенства ў судах над Саннікавым і Някляевым з Рымашэўскім.

Сяргей Калякін: “На мой погляд, і адны, і другія ні ў чым не вінаватыя. Яны не здзейснілі ніякіх крымінальных справаў. Максімум іх віна -- яны парушылі адміністрацыйны кодэкс і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу. Але за гэта максімальнае пакаранне штраф ці суткі. Я не думаю, што яно будзе вельмі жорсткім, але і мяккім яно не будзе”.


За дзвярыма судовай залы застаўся і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Па яго словах, тое, што зараз у судах над фігурантамі Плошчы адбываецца – гэта спектакль, дзе ўсе ролі распісаныя, і вынік якога загадзя вядомы.

Міхаіл Пастухоў: “Я лічу, што сённяшнія судовыя працэсы – гэта кульмінацыя, гэтай хвалі рэпрэсій, якая абрынулася на беларускіх “дзекабрыстаў”. Можна чакаць, што па гэтым пасяджэнні могуць быць самыя строгія пакаранні. Бо гэта – апагей усёй гэтай камедыі. Пасля чаго гэтая хваля можа пайсці на спад”.



Толькі дзякуючы свайму статусу ў залу суда здолелі патрапіць літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Стэнлі. Прычым, яму давялося некалькі хвілін чакаць у рамцы металашукальніка, пакуль дыпламатам паставяць дадатковыя крэслы.

Дарэчы, падчас суда Андрэй Дзмітрыеў вёў он-лайн рэпартаж пасяджэння ў сваім твітары, які можна паглядзець тут.

Фота: Змітра Лукашука