Функцыі пасольства Беларусі ў Швецыі будзе выконваць амбасада іншай краіны

7 жніўня беларускае МЗС распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца аб закрыцці пасольства нашай краіны ў Швецыі. Разам з тым з заявы вынікала, што аб спыненні дыпламатычных адносінаў гаворкі не вядзецца. У МЗС Еўрарадыё патлумачылі, што функцыі пасольства ў Швецыі ускладуць на амбасаду ў іншай краіне.
120808 mzs sweden 1.mp3
“Гэта не праблема. Ёсць даволі шмат краін, дзе мы не маем дыппрадстаўніцтваў, але маем з імі адносіны. Функцыі пасольства Швецыі будзе выконваць адно з прадстаўніцтваў у суседняй краіне”, — гавораць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Нагадаем, што прычынай для абвастрэння адносін паміж Беларуссю і Швецыяй стала рашэнне беларускага боку не працягваць акрэдытацыю шведскага амбасадара ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Швецыя палічыла гэтае рашэнне палітычна матываваным і заявіла, што не жадае бачыць у сябе новага беларускага амбасадара, а таксама выслала з краіны яшчэ дваіх беларускіх дыпламатаў. Беларускі МЗС у адказ заявіў аб закрыцці амбасады ў Швецыі. Шведскаму боку прапанавана закрыць сваю амбасаду ў Беларусі да 30 жніўня.

Фота — bymedia.net