Freedom House аднёс Беларусь да краін з несвабодным інтэрнэтам

Беларусь патрапіла ў лік 11 краінаў, у якіх карыстанне інтэрнэтам акрэсленае як несвабоднае, паведамляе Радыё Свабода.

У падрабязнай справаздачы аб сітуацыі інтэрнэт-паслугаў у Беларусі аўтары дакладу адзначаюць, што ў краіне прыблізна 27% насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам. Яны таксама паведамляюць, што кошты карыстання сусветным сецівам у Беларусі большыя.

Беларусь, паводле дакладу, належыць да тых краінаў, у якіх існуе цэнзура ў адносінах да палітычных і сацыяльных пытанняў у сеціве і здараюцца блакады нявыгадных для ўлады сайтаў. У Беларусі апазіцыйныя сайты з'яўляюцца аб’ектам нярэдкіх кібэратакаў. Цэнтралізаваны дзяржаўны кантроль за падключэннем краіны да міжнароднага інтэрнэт-трафіку таксама дазваляе беларускай уладзе абмяжоўваць доступ для нявыгадных ёй інтэрнэтных рэсурсаў.

Нагадаем, з 15 красавіка на сайт euroradio.fm вядзецца DDoS-атака. Калі вы не можаце атрымаць доступ да euroradio.fm, — адкрывайце, калі ласка, euroradio.by.