Эмігранты троляць апазіцыю?

121126_luka6uk_primers.mp3

Сённяшняй беларускай апазіцыі, відаць, давядзецца адбівацца па ўсіх франтах. Размова не толькі пра супрацьстаянне ўладам. Следам за Пазняком, які ў эфіры Еўрарадыё катэгарычна запатрабаваў сыходу на пенсію ўсёй сённяшняй апазіцыі, ад гэтага сцэнарыя схіляюцца і іншыя сілы.


“У асяродку палітычных і грамадзянскіх актывістаў усё вельмі стабільна — там проста помнік такі забранзавелы. Як і ў Лукашэнкі — усё гэта адно другое адлюстроўвае вельмі даўно”, — першым пра неабходнасць “амаладжэння” тытульнай апазіцыі падчас V Кангрэса новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША кажа кіраўнік арганізацыі “Новы шлях для Беларусі” (Valgevene Uus Tee, Эстонія) Павел Марозаў.


Тэму актыўна падхопліваюць практычна ўсе. Былы дэпутат парламента Вольга Абрамава за “амаладжэнне” кардынальнае, без прымянення ботэксу. На палітычную сцэну павінны выйсці новыя людзі, без “паражэнчых” настрояў.


Вольга Абрамава: “Без іх у апазіцыю не прыйдзе другое дыханне, не з’явіцца драйв. А без драйву, без куража ўвогуле рабіць няма чаго — тады палітыкай лепш зусім не займацца!”



Такога ж меркавання прытрымліваецца і кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паратнікоў. Толькі на рэчаіснасць ён глядзіць больш цвяроза.


Андрэй Паратнікоў: “Прыход новых людзей… А куды ім прыходзіць, іх нехта чакае? А старых куды — на пенсію?! Але яны яшчэ на пенсію не збіраюцца, яны яшчэ гатовыя паваяваць. У тым ліку — і за свой кавалак хлеба”.



Абрамава прапануе забраць ў цяперашніх лідараў нават распрацоўку далейшай стратэгіі і тактыкі дзеянняў апазіцыі на бліжэйшыя гады. Замахваецца на тое, каб іншыя людзі распрацоўвалі новую “ідэалогію поспеху апазіцыі”! Прапануе стварыць адмысловы “інтэлектуальны клуб”.


Вольга Абрамава: “На траціну каб ён складаўся з крэатыўных экспертаў, на траціну — з паспяховых паліттэхнолагаў з добрым бэкграўндам і на траціну — з маладых маркетолагаў. Нядрэнна, каб тут былі людзі з базавай матэматычнай, фізічнай, інжэнерна-тэхнічнай адукацыяй”.


Толькі, дзе ўзяць гэтую маладую кроў? Экс-кандыдат у прэзідэнты і палітуцякач Алесь Міхалевіч запэўнівае, што на амаладжэнне спадзявацца няма чаго — самыя актыўная беларусы масава з’язджаюць з краіны. Прадаючы кватэры тут — без планаў на вяртанне едуць.


Алесь Міхалевіч: “Тыя людзі, якія патэнцыйна былі гатовыя выходзіць на пратэсты, былі гатовыя да нейкіх актыўных дзеянняў — менавіта яны з’язжаюць”.



Напрыканцы ўдзельнікі Кангрэсу выказваюць ідэю аб правядзенні інтэрнэт-праймэрыз. Праўда, адразу супакойваюць зуброў апазіцыі: размовы пра абранне адзінага не ідзе. Пакуль. А вось праз інтэрнэт-галасаванне правесці пэўны кастынг і абраць нешта накшталт каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі. Каб туды ўвайшлі палітыкі, грамадскія дзеячы ды эксперты, якім давяраюць людзі. І тролі!

Фота: Змітра Лукашука