Эксперт: Беларусь для Расіі — фактар ціску на Еўропу

Насамрэч, для Пуціна больш значнымі з’яўляюцца добрыя стасункі з ЕС, чым з беларускім кіраўніком. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік расійскага Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі. Па яго словах, сярод прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты Пуціна шмат тых, хто сімпатызуе Лукашэнку, і гэтыя словы былі сказаныя найперш для іх.

Станіслаў Бялкоўскі: “Для Пуціна Еўропа — гэта ўсё, а Лукашэнка — нішто. Агульныя прынцыпы такія. Пуцін не любіць Лукашэнку і не хоча бачыць яго прэзідэнтам Беларусі, у Пуціна няма магчымасці змяніць Лукашэнку... таму ён вымушаны Лукашэнку трываць. Для Пуціна Еўропа значна бліжэй, чым Беларусь, але паколькі Беларусь з’яўляецца фактарам уціску на Еўропу ў пэўных, хай і вельмі дробных пытаннях, Пуцін не будзе спяшацца здаваць Беларусь, а будзе спрабаваць выкарыстоўваць яе ў гэтай якасці”.

Сыходзячы з гэтых прынцыпаў, кажа эксперт, трэба і аналізаваць адносіны ў бліжэйшай перспектыве ў трохкутніку Расія-Беларусь-Еўрасаюз. Што ж тычыцца таго, ці можа пасля прэзідэнцкіх выбараў Расія далучыцца да пазіцыі Еўрасаюза адносна Беларусі, то, на думку Бялкоўскага, гэта верагодна ў тым выпадку, калі гэта будзе Пуціну выгадна.