Даведацца, ці ёсць вы ў спісе невыязных... немагчыма
Праграма з базай невыязных “вісіць” з мінулага тыдня, даведкі не выдаюць, на мяжы разварочваюць.
Збой у сістэме — база невыязных... недасягальная! Прычым, з мінулага тыдня! Такі адказ даюць карэспандэнту Еўрарадыё ў Аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ў Маладзечне. Еўрарадыё звярнулася туды па парадзе Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. Паводле закону перад паездкай у іншыя краіны кожны можа ўдакладніць — ці не ўнесены ён у базу невыязных. Бо самі ведаеце, якія жарсці зараз на мяжы з палітыкамі.
Супрацоўніца аддзела: “На жаль, я вам зараз нічым не дапамагу, бо ў іх пайшлі збоі ў праграме і таму нам часова далі загад не выдаваць такіх даведак (што чалавек не ўнесены ў базу невыязных. — Еўрарадыё)”.
І прызнаецца, што сама яна ўпершыню сутыкаецца з тым, што “зверху” загадваюць не выдаваць людзям даведкі пра іх статус. Але потым шчыра дадае: сёння даведка пра тое, што чалавек перад законам і дзяржавай “чысты”, не мае ніякага значэння для памежнікаў.
Супрацоўніца аддзела: “Да прыкладу, калі б я магла паглядзець базу і выдала вам даведку, то гэта даведка не азначае, што вы паедзеце, на мяжы вас затрымаюць чамусьці, вы пакажыце гэтую даведку, што вы “чысты”, і ўсе пытанні здымуцца — гэта даведка не для мяжы”.
Еўрарадыё: “А для чаго?”
Супрацоўніца аддзела: “Ну, так вось... Можа ў вас які штраф, а на мяжы ж ці мала якія могуць быць да вас пытанні — там жа вам не тлумачаць, чаму вас? Так што — выбачайце. Нават калі вы гэтую даведку будзеце паказваць, на мяжы яна ніякай моцы мець не будзе”.
Атрымліваецца, маючы паперу з Аддзела па грамадзянстве і міграцыі, што вы “чысты”, нельга спакойна ісці ў міжнародныя касы па квіткі? Высадзяць на мяжы — і даведка не дапаможа.
Грошы за квіткі можна паспрабаваць вярнуць, тлумачыць Еўрарадыё начальнік Аддзела па грамадзянстве, пашпартнай працы і выездзе за мяжу УУС Мінаблвыканкама Дзмітрый Мальчэўскі.
Дзмітрый Мальчэўскі: “Бывае, на жаль, такое. Вы маеце права звярнуцца па кампенсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды, гэта ваша права — судовы парадак, гуманны народны суд”.
Раніцай 14 сакавіка з цягніка Мінск-Вільня знялі шэф-рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Дынько. У размове з Еўрарадыё журналіст прызнаецца, што напярэдадні ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі не звяртаўся: не бачыў падстаў.
А Дзмітрый Мальчэўскі ўпэўнівае Еўрарадыё, што пра ўнясенне ў спіс невыязных вам павінен паведамляць той, хто гэта ініцыюе.
Дзмітрый Мальчэўскі: “Асоба, якая абмяжоўвае вас у праве на выезд, у адпаведнасці з указам прэзідэнта, абавязаная даслаць па месцы вашага жыхарства паведамленне. Не больш як за тры дні. Сёння прынялі рашэнне, што вас трэба абмежаваць — і павінны даслаць паведамленне, і ў нашу службу павінны даслаць паведамленне”.
З-за таго, што базы недасягальныя “па тэхнічных прычынах”, начальнік Аддзела па грамадзянстве, пашпартнай працы і выездзе за мяжу УУС Мінаблвыканкама Дзмітрый Мальчэўскі раіць арыентавацца... на інтуіцыю! Альбо звярнуцца да ўсіх, хто можа мець на вас зуб.
Дзмітрый Мальчэўскі: “Калі адчуваеце, што ёсць нейкая праблема, — удакладніце там, дзе гэта сітуацыя ўзнікла. Было абмежаванне ці не. Грамадзянскія суды могуць такое рашэнне выносіць і іншыя — іх дастаткова шмат. Тут сапраўды можа быць шмат пытанняў”.
Пры гэтым усе дзяржаўныя структуры адмаўляюць існаванне спісу невыязных апазіцыянераў.