Да Плошчы ў Беларусі ніколі нікога не судзілі за “масавыя беспарадкі”

У сераду пачнецца першы суд, які разгледзіць справу “аб арганізацыі масавых беспарадкаў” 19 снежня. Па гэтым артыкуле экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву пагражае да 15 гадоў зняволення. Як высветліла Еўрарадыё, яшчэ ніколі ў гісторыі Беларусі нікога не судзілі менавіта па гэтым артыкуле. Хоць, кажуць адмыслоўцы, ён існаваў у нашым заканадаўстве заўжды.

Загадчык кафедры крымінальнага працэса і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ Анатоль Данілевіч прыгадаў толькі два выпадкі, калі справу можна было падвесці пад артыкул “аб масавых беспарадках”. Гэта  — падпал суда ў 1967 годзе ў Слуцку, калі згарэлі трое суддзяў, і першыя Дзяды 30 кастрычніка 1988 года  — дзень вялікага супрацьстаяння людзей і міліцыі. Але і тады судзілі па іншых артыкулах.

Анатоль Данілевіч: “Не было такога. Тады (у 1988 годзе  — Еўрарадыё) людзей прыцягвалі каго за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, каго  — за хуліганства. Па гэтым артыкуле не кваліфікавалі. Артыкул гэты быў заўжды, але стараліся па ім не кваліфікаваць. Гэта ж там быў палітычны момант, асабліва ў савецкія часы”.

І нават, кажа, гісторыя ў Слуцку кваліфікавалася як “злоснае хуліганства”.

Не здолеў прыгадаць, каб кагосьці судзілі па гэтым артыкуле, і генерал-лейтэнант міліцыі ў запасе Мечыслаў Грыб. Які, дарэчы, пачаў працаваць у праваахоўных органах у 1959 годзе.

Мечыслаў Грыб: "Не ўзгадаю, каб у нас людзей судзілі за масавыя беспарадкі. Хаця гэты артыкул у Крымінальным кодэксе быў заўсёды. Але практычна ў Беларусі ён не прымяняўся. Так, як і тэрарызм”.

Не здолеў прыгадаць, каб кагосьці судзілі раней па гэтым артыкуле, і былы суддзя Канстытуцыйнага суда, заслужаны юрыст Беларусі Валеры Фадзееў.

Не давялося сутыкацца з “масавымі беспарадкамі” за ўсе гады працы ў органах і былому падпалкоўніку КДБ Валерыю Костку.

Валеры Костка: “Не давялося сутыкацца. З 1981 года я быў там, і за 30 гэтых гадоў фактычна ўпершыню такую закруцілі справу”.

Па яго словах, тое, што адбылося 19 снежня ў Мінску, не толькі нельга кваліфікаваць як “масавыя беспарадкі”...

Валеры Костка: “Масавыя беспарадкі  — гэта зусім іншае, чым тое, што адбылося на Плошчы. Каб Камітэт дзяржбяспекі ўмешваўся ў гэтую справу, патрэбныя нейкія выбухі, патрэбная пагроза агульнаграмадская. А тут  — людзі выйшлі на Плошчу. Ну, і што? Навошта іх збіваць?”

Не прыгадала ніводнага разгляду справы ў судзе па артыкуле “масавыя беспарадкі” і адвакат з 35-гадовым досведам працы Тамара Сідарэнка.

Тамара Сідарэнка: “Не, “масавыя беспарадкі”  — я такой справы не памятаю. За 35 гадоў сваёй працы. Прынамсі, я пра такія справы нават не чула, каб яны праходзілі. За ўсе гады сваёй працы”.

На думку адмыслоўцаў, як у савецкія часы гэты артыкул у Беларусі не ўжывалі з палітычных меркаванняў, так і зараз ім вырашылі скарыстацца выключна з палітычных матываў.

Фота: http://fota.bymedia.net/