Ці патрэбны Беларусі “ценявы ўрад”?
Днямі ў інтэрнэце з’явіўся новы спіс ценявога Кабміна апазіцыі з імёнамі палітыкаў і грамадскіх дзеячаў ды пасадамі, на якія іх рэкамендавана прызначыць.
Надоечы ў сеціве з’явілася чарговая “прапанова па фармаванні Ценявога кабінета міністраў дэмакратычнае апазіцыі”. Са спісам палітыкаў і грамадскіх дзеячаў ды пасадамі, на якія іх рэкамендавана прызначыць. У адпаведнасці з гэтым спісам, узначаліць ценявы ўрад прапаноўваецца Аляксандру Казуліну. Прычым складальнік сцвярджае, што прапанова “ўзгодненая з Аляксандрам Казуліным і дасланая для разгляду Зянону Пазьняку”.
Але як паведаміў Еўрарадыё сам Аляксандр Казулін, ён нічога пра гэтую ініцыятыву не ведае. І ўвогуле даволі скептычна ставіцца да мэтазгоднасці стварэння нейкая ценявога ўраду ў сённяшняй Беларусі.
Аляксандр Казулін: “У нашых умовах гэтае пытанне вельмі цяжкае. У гэтым можа быць сэнс толькі тады, калі апазіцыя кансалідаваная і аб’яднаная. Інакш гэта немагчыма”.
Згодны з Казуліным і Мечыслаў Грыб, якому і ў гэтым ценявым урадзе, і ў тым, спіс якога выносілі на абмеркаванне летась лідары Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, прапаноўвалі пасаду міністра ўнутраных спраў.
Мечыслаў Грыб: “Я не бачу ў гэтым сэнсу (у стварэнні ценявога ўраду — Еўрарадыё). Трэба, каб ценявы ўрад мог і на практыцы ажыццявіць свае напрацоўкі. А проста так ганяць паветра... Лічы, што гэта непатрэбна”. Трэба, каб ценявы ўрад мог і на практыцы ажыццявіць свае напрацоўкі. А проста так ганяць паветра...
Дарэчы, пра тое, што яму ізноў прапанавалі партфель міністра, спадар Грыб даведаўся ад Еўрарадыё. Як і Станіслаў Шушкевіч пра тое, што яго рэкамендуюць на пасаду віцэ-прэм’ера. Праўда, Шушкевіч падтрымлівае ідэю стварэння такога ўраду — калі падыходзіць да рэалізацыі гэтай ідэі насамрэч сур’ёзна. Бо ўсе папярэднія спробы размеркаваць партфелі рабіліся выключна дзеля нейкага піяру.
Станіслаў Шушкевіч: “У нас жа нелегітымны ўрад, нелегітымны прэзідэнт, у нас няма парламента. Таму калі б такая структура была сур’ёзна ўтвораная, то гэта было б вельмі важка і гэта б спрыяла дэмакратызацыі Беларусі хаця б з цягам часу. Але на сённяшні дзень я не бачу такое аб’яднанне”.
А кандыдаты ў склад такога ўраду, мяркуе Шушкевіч, у дэмсіл ёсць. Праўда, кажа, людзей з досведам кіравання хаця б кафедрай ва ўніверсітэце альбо цэхам на заводзе і сапраўды ў апазіцыі не шмат.
Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, за апошнія 10 гадоў апазіцыя рабіла шмат спроб фармавання дзейснага ценявога ўраду. Але толькі ўрад, створаны з ініцыятывы Генадзя Карпенкі ў 1996 годзе з дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13 склікання, быў больш-менш дзейсны.
Аляксандр Класкоўскі: “Калі яшчэ фактычна дзейнічалі мандаты дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13 склікання і іх прызнавала міжнародная супольнасць — тады гэтая дзейнасць мела пэўны сэнс. Яшчэ ўсяляк магла хіснуцца сітуацыя, і дэ-факта гэтыя людзі яшчэ мелі пэўныя паўнамоцтвы ў міжнародным плане. А сёння, калі апазіцыя цалкам маргіналізаваная, калі толькі ўспамін застаўся пра той Вярхоўны Савет, то зараз няма рэальнага палітычнага грунту, на якім маглі б будавацца такія структуры”.
На думку Класкоўскага, апазіцыі сёння трэба вырашаць надзённыя пытанні выпрацоўкі палітычнай стратэгіі, кансалідацыі і гэтак далей, а не дзяліць віртуальныя партфелі і сварыцца потым за іх.
Аляксандр Класкоўскі: “Калі б, да прыкладу, была выпрацавана новая стратэгія развіцця краіны, а вось пад яе — глядзі дадатак №3, арыенціровачны склад удзельнікаў ценявога ўраду. Вось гэта было б нармальна. А тут ставяць воз наперадзе каня, і спачатку нейкі спіс, а потым вакол гэтага спісу пачынаецца сварка, высвятленне стасункаў. А дзеля чаго гэта ўсё — незразумела”.
А вось палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што пры жаданні апазіцыі варта ствараць любыя структуры. Галоўнае — каб яны рабілі хоць нешта карыснае.
Валерый Карбалевіч: “Сам факт стварэння, зразумела, нічога не дасць. Яшчэ адна структура мёртвая нікому не патрэбная. Калі б ён дзейнічаў, гэты ўрад, прапаноўваў нейкія ідэі, праводзіў канферэнцыі, выступаў з заявамі... Я за тое, каб дзейнічалі, а не стваралі новыя структуры”.
Дарэчы, стваральнікі ценявых урадаў чамусьці захоўваюць амаль нязменным спіс міністэрстваў і ведамстваў. На думку суразмоўцаў Еўрарадыё, гэта няправільна, бо частку міністэрстваў у дэмакратычнай Беларусі дакладна трэба будзе скасаваць. І толькі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што трэба пачынаць працаваць з тымі ж міністэрствамі, якія ёсць цяпер, і толькі потым займацца рэфармаваннем і скарачэннем.