Чыноўнікі асцерагаюцца анансаваць свае замежныя камандзіроўкі

111028 Luka6uk komandirovri.mp3

Савет Міністраў прыняў рашэнне накіраваць віцэ-прэм'ера Сяргея Румаса ў суперкамандзіроўку: Масква — Парыж — Мілан ды швейцарскі Ньён. Праўда, удакладніць мэту гэтага тура няма ў каго: да гэтага часу не прызначаны прэс-сакратар прэм’ер-міністра, і таму жадаючых адказаць на пытанне Еўрарадыё ў Саўміне не знайшлося.

Еўрарадыё даведалася, як часта і ў якія краіны ездзяць беларускія міністры.


Паводле слоў прэс-сакратара Міністэрства прамысловасці Сяргея Шалая, іх міністр зараз у Туркменістане.

Сяргей Шалай: “З апошніх падзей — візіт Дзмітрыя Сцяпанавіча (Кацярыніча, міністра прамысловасці — Еўрарадыё), які зараз адбываецца, і Аляксандр Рыгоравіч там, у Туркменістане. Гэта з апошняга. Быў не так даўно намеснік міністра Генадзь Свідэрскі ў Венесуэле. Шматвектарная палітыка! Еўропа, Паўночная Амерыка, заходняя Афрыка — фактычна 100 краін з’яўляюцца партнёрамі прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. І мы шукаем шляхі супрацоўніцтва з краінамі на ўсіх кантынентах”.

Прадстаўнікі міністэрства едуць за мяжу, толькі калі ідзе размова аб падпісанні “сур’ёзнага” пагаднення. У іншых выпадках — калі справа тычыцца кантактаў асобных прадпрыемстваў — то і вырашаюць яны іх самі.

У Міністэрства сувязі днямі з канферэнцыі ў Жэневе вярнуўся намеснік міністра Сяргей Несцяровіч. А вось планамі на замежныя камандзіроўкі суразмоўца Еўрарадыё дзяліцца адмаўляецца.

Мінсувязі: “Калі наша кіраўніцтва выязджае — гэта ідзе праз пастановы Савета Міністраў. І толькі калі будзе падпісана пастанова Савета Міністраў, толькі тады мы можам казаць, што чалавек сапраўды туды паедзе. Мы не можам анансаваць раней, чым выйшаў дакумент, які дазваляе выезд. Вось калі мы канкрэтна ведаем, што едзе кіраўнік, то фактычна ў дзень яго ад’езду мы пра гэта і кажам”.

Нібы ў пацвярджэнне гэтых слоў 28 кастрычніка зранку з’явілася інфармацыя пра тое, што ў гэты дзень міністр культуры Павел Латушка вылятае з візітам у Маскву.

Тэма замежных камандзіровак кіраўніцтва выклікае ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання насцярожанасць і нават абурэнне. У адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё супрацоўнік міністэрства пачынае даказваць, што можна на ўсё гэта паглядзець і з іншага пункту гледжання.

Мінсельгасхарч: “Не толькі ж так, як вы гэта ўяўляеце, што я павінен браць гэтую скрыню з бульбай ці буракамі і везці яе кудысьці. Ёсць жа шэраг прадукцыі, якая камусьці патрэбная, і той таксама яе можа набываць. Калі ў мяне чагосьці не хапае, я іду ў краму і набываю, а не крама ідзе да мяне. А вы: “Як мы прасоўваем?!”

Прэс-сакратар Міністэрства эканомікі Наталля Пацэйка, пачуўшы пытанне пра замежныя камандзіроўкі кіраўніцтва, разгубілася.

Наталля Пацэйка: “Вы мяне заспелі неспадзеўкі... У мяне няма інфармацыі такой. Ніхто ніколі не пытаўся!”

Што тычыцца планаў на замежныя камандзіроўкі старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай, то пра іх кіраўнік прэс-службы банка Аляксандр Цішчанка нічога не ведае. А значыцца, бліжэйшым часам яна нікуды не збіраецца.