Чыгуначніка будуць судзіць за адмову ад дактыласкапіі
Жыхар вёскі Мельнікі Маларыцкага раёна Рыгор Лук'янчук прыцягнуты да суда за адмову здаць адбіткі пальцаў.
Аднак на разгляд справы яго не адпусцілі з працы, бо ён не атрымаў судовай позвы. Рабочы Брэсцкай чыгункі меў на руках толькі копію міліцэйскага пратакола, складзенага супрацоўнікамі Маларыцкага РАУС.
Суддзя палічыў такую прычыну нез'яўлення ў суд паважлівай. Сам Лук'янчук кажа, што ён законапаслухмяны грамадзянін і гатовы прыйсці ў суд па позве, калі атрымае яе.
Судзіць Лук'янчука будуць па арт. 23.4 КоАП — за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. Такім была прызнаная адмова ад дактыласкапіі, паведамляе "Праваабарончая хроніка".