Чаму суткі на штрафстаянцы даражэй за стаянку звычайную амаль у 20 разоў?

120611 Luka6uk 6traf.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, штодня ў сталіцы эвакуатары адвозяць на штрафстаянкі каля 45 аўтамабіляў. У аддзеле агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама тлумачаць: інспектар не мусіць паведамляць гаспадару, што шукаць машыну ўжо трэба не на тым месцы, дзе яе пакінулі. Таму першае, што неабходна рабіць, — паведаміць пра знікненне па нумары 102.

Але на гэтым нечаканасці не заканчваюцца, а толькі пачынаюцца. Першая — адразу паехаць на штрафстаянку і забраць машыну не атрымаецца. Найперш, кансультуе супрацоўнік адной са сталічных стаянак, неабходна ехаць у ДАІ свайго раёна.

Супрацоўнік штрафстаянкі: “Неабходна спачатку звярнуцца ў орган ДАІ, які паставіў на штрафстаянку аўтамабіль, атрымаць дазвол на выдачу гэтага аўтамабіля. Пасля гэтага прыйсці на штрафстаянку, аплаціць і забраць машыну”.




Штрафстаянак у Мінску не так і шмат: на праспекце Пушкіна, 68, на вуліцах Радыяльная,16, Пінская,37, Аэрадромная,10 і Кульман,40.

У ДАІ вас чакае першы фінансавы выдатак — штраф за парушэнне правілаў паркоўкі. Першы раз неабходна выкласці 100 тысяч рублёў. За паўторнае парушэнне штраф падвойваецца.

Але гэта толькі пачатак. Потым неабходна будзе аплаціць знаходжанне аўто на стаянцы. Кошты вас здзівяць: суткі знаходжання аўто на штрафстаянцы абыдзецца ў... 70 тысяч рублёў!

Супрацоўнік штрафстаянкі: “У суткі каштуе ў нас 70 тысяч рублёў стаянка легкавога аўтамабіля. Матацыкл — танней, грузавік — даражэй”.

Пры тым, што гэта звычайная ахоўваемая стаянка пад чыстым небам. Для параўнання: суткі знаходжання на звычайнай стаянцы легкавога аўтамабіля каштуе... 4 тысячы! У месяц — 120 тысяч. Нават суткі ў падземным паркінгу “Сталіца” каштуюць амаль у два разы танней за суткі на штрафстаянцы — каля 40 тысяч. Праўда, звычайныя стаянкі належаць УП "Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Мінгарвыканкама, а штрафстаянкі — прыватныя. Прычым — усе.

Тое ж тычыцца і аплаты паслуг эвакуатара. На іншай штрафстаянцы Еўрарадыё папярэджваюць: інспектары ДАІ карыстаюцца для эвакуацыі няправільна прыпаркаваных аўто іх “спецмашынамі”. А ў іх расцэнкі такія: эвакуацыя машыны з поўнай пагрузкай (на чатыры колы) каштуе 400 тысяч. І гэта, упэўнівае суразмоўца Еўрарадыё, не самыя высокія кошты.

Супрацоўнік штрафстаянкі: “Гэта — поўная пагрузка, за чатыры колы машыны, на здаравенны МАЗ”.

Праўда, карэспандэнт Еўрарадыё на ўласныя вочы бачыў: асабліва “здаравеннага МАЗа” на той штрафстаянцы няма. Звычайны эвакуатар, якім карыстаюцца і іншыя фірмы. Вось толькі кошты ў іх зусім іншыя, пералічвае супрацоўніца адной з такіх фірм.

Еўрарадыё: “Я хачу, каб мяне цалкам пагрузілі — паднялі і на ўсе чатыры колы — гэта колькі будзе каштаваць?”

Паслугі эвакуатара: “220 тысяч легкавы аўтамабіль”.

Эвакуацыя ж машыны “фірмовым” эвакуатарам Дзяржаўтаінспекцыі, распавядае прадстаўнік ДАІ Мінгарвыканкама маёр Ліпень, каштуе... 45 тысяч!



Супрацоўнік першай штрафстаянкі прызнаецца: у іх сваіх эвакуатараў няма. Але і да іх машыны прывозяць выключна на прыватніках, паслугі якіх каштуюць ад 350 да 400 тысяч рублёў.

Паводле слоў маёра Ліпеня, у сталічнай ДАІ ўсяго 6 сваіх эвакуатараў. Даводзіцца карыстацца дапамогай прыватнікаў. У іх свае расцэнкі, якія аўтаінспекцыя не рэгулюе. Тое ж тычыцца і расцэнак гаспадароў прыватных штрафстаянак.

Маёр Ліпень: “Расцэнкі — свае ў кожнага індывідуальнага прадпрымальніка штрафной пляцоўкі. Яны гэта ўсё ўзгадняюць у законным парадку праз Мінгарвыканкам — усе гэтыя расцэнкі. А ў нас, за дастаўку нашым эвакуатарам, 45 600”.

Такім чынам, няправільная паркоўка абыйдзецца прыблізна ў 570 тысяч. Гэта ўжо не кажучы пра сапсаваныя нервы і згублены на вызваленне з палона свайго аўтамабіля час.

Фота: Змітра Лукашука