Чаму маці Канавалава не выступіла ў судзе?
Бацькі галоўнага абвінавачванага ў тэракце не ідуць на кантакт, ездзяць на танаваных аўто і пастаянна пад аховай.
На судзе ўпершыню з'явіліся бацькі галоўнага абвінавачанага ў тэрарызме Дзмітрыя Канавалава. Яны прабылі там па адной хвіліне кожны.
Першага ў залу суда выклікалі брата Канавалава, які адразу ж адмовіўся даваць паказанні.
— Канавалаў вам кім з'яўляецца?
— Братам.
— Суд тлумачыць вам, што вы можаце адмовіцца ад сведчанняў супраць блізкага сваяка, якім вам з'яўляецца Канавалаў Дзмітрый. Вы згодныя даваць сведчанні?
— Я адмаўляюся.
Малады чалавек хутка сыходзіць з актавай залы, амаль не глядзіць у бок клеткі з падсуднымі.
Можна было падумаць, што бацькі Канавалава не прысутнічалі на судзе, каб пазней даць паказанні. Любоў Іванаўна — маці іншага абвінавачанага Уладзіслава Кавалёва — бывае на судзе амаль штодзень і, як прызналася Еўрарадыё, быць сведкам ужо не можа. Але бацькі Канавалава адмовіліся адказваць на пытанні і на судзе не затрымаліся.
У суд выклікаюць бацьку — Генадзя Канавалава. Сівы мужчына няспешна падыходзіць да кафедры. Суддзя Федарцоў таксама нагадвае яму, што той мае права адмовіцца даваць паказанні.
Бацька асноўнага абвінавачанага ў тэрарызме гэтым правам таксама скарыстаўся. І таксама не застаўся назіраць за працэсам, а павольна пайшоў па лесвіцы ўверх. За гэтыя кароткія паўхвіліны тры разы ненадоўга азірнуўся, каб глянуць у бок сцэны, дзе ў клетцы сядзіць яго сын, якому пагражае смяротная кара.
"Дзе ў нас лекар у зале? Падыдзіце бліжэй", — папрасіў суддзя Федарцоў перад выклікам у якасці сведкі маці Дзмітрыя Канавалава Людмілы.
Жанчына з сумкай і пакетам відавочна хвалявалася, у бок клеткі старалася не глядзець, сам Канавалаў не выдаваў эмоцый. Спадылба пазіраў на маці. Тая, ледзь стрымліваючыся, адмовілася даваць паказанні і таксама хутка сышла.
І адразу пачаўся перапынак. Але бацькоў Дзмітрыя ў калідоры ўжо не было.
Ад Дома правасуддзя іх вывезлі на двух аўтамабілях з танаваным шклом, якія ледзь паспеў сфатаграфаваць на тэлефон карэспандэнт Еўрарадыё.
Як даведалася Еўрарадыё, падчас следства маці Кавалёва спрабавала размаўляць з Людмілай Канавалавай, але тая казала, што муж забараняе ісці на кантакт. Яна распавяла толькі, што не атрымала ніводнага ліста ад Дзмітрыя, і ніводнага спаткання ім не дазволілі. Пасылкі яму адпраўляе, але не ведае, ці даходзяць яны. Тады яна сказала, што не верыць у вінаватасць сына.
Маці Уладзіслава Кавалёва прызналася Еўрарадыё, што спрабавала паразмаўляць з бацькам Канавалава, каб перадаць Дзмітрыю цёплыя рэчы. Той нават на парог яе не пусціў і адмовіўся ад прапанаванай дапамогі.
"Я набрала кватэру, спусціўся бацька. Я сказала, што ў зале вельмі халодна. Ці не перадавалі вы Дзіму цёплыя рэчы? Тое, што я збіраюся ў сераду 19-га Уладу перадаць цёплыя рэчы. На што ён адказаў, нібыта чужым не дадуць, таму што ён прасіў следчага, нібыта следчы перадаваў, але ў яго не ўзялі. Я спытала: няўжо вам не цікавыя вынікі экспертыз? На што ён адказаў: "А што гэта зменіць?"
Бацькі Канавалава і да гэтага паводзілі сябе вельмі дзіўна. Не шлі на кантакт ні з кім. Калі Дзмітрыя арыштавалі, Людміла Канавалава злегла на месяц у бальніцу з сэрцам, а мужа і брата трымалі ў Мінску.
На віцебскую кватэру Канавалавых паставілі сігналізацыю. Суседзі гавораць, што ўвесь час іх нехта суправаджае і ахоўвае.