Былыя міністры сталі экспертамі па “будучых” дзяржпраграмах
А даваць экспертную ацэнку дзеючым праграмам яны не ўпаўнаважаныя.
Чарговы экспертны савет створаны ў Беларусі. Гэтым разам — па падрыхтоўцы дзяржаўных праграм. Як патлумачыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, эксперты будуць даваць ацэнку "прыярытэтнасці і значнасці для краіны праграм". Што будуць ацэньваць эксперты, Еўрарадыё даведалася ў былых вышэйшых чыноўнікаў.
Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей пацвярджае Еўрарадыё, што дзеючыя дзяржпраграмы эксперты аналізаваць не будуць.
Мікалай Дземянцей: “Тая праграма, што ўжо ёсць, яна не з’яўлецца сакрэтнай — на 2011-2015 год. Гэта не проста перадвыбарныя і паслявыбарныя заявы, каб спадабацца і прыцягнуць увагу. Тут усё выверана эканамічна”.
Будуць жа яны пры неабходнасці даваць ацэнку праектам новых праграм, калі такія будуць з’яўляцца. Ці, калі з’явяцца карысныя думкі, то несці іх наўпрост Мясніковічу — той чакае ў любую хвіліну.
Мікалай Дземянцей: “І калі яны (эксперты з Савета — Еўрарадыё) сёння бачаць, што можна нешта дадаць, каб сітуацыя развівалася, то хоць сёння, хоць заўтра прыходзьце з прапановамі — прэм’ер чакае”.
Праўда, Вячаслаў Кебіч, таксама сябра экспертнага савета, лічыць, што спецыялістам усё ж трэба крыху “пачысціць” дзеючыя праграмы.
Вячаслаў Кебіч: “Бо шмат якія праграмы згубілі сваю актуальнасць. Да прыкладу, адна з прынятых праграм пра тое, што ў нас не будзе расці інфляцыя. Але яна ўжо вырасла! Навошта тады выконваць прынятую праграму па стрымліванні інфляцыі? Калі яна без волі і жадання вырасла і склала 24,5%?”
Прайшло першае пасяджэнне савета. Калі будзе наступнае — невядома: дакладнага часу, кажуць суразмоўцы Еўрарадыё, не прызначалі. Прэс-сакратар Савета Міністраў Аляксандр Цімашэнка патлумачыў, што эксперты будуць збірацца “па неабходнасці”.
Сваю згоду на ўдзел у савеце і Дземянцей, і Кебіч тлумачаць проста: як яны, беларусы, маглі адмовіцца ад дапамогі, калі іх папрасіла аб гэтым беларускае грамадства ў асобе кіраўніцтва краіны. Чаму ў савет з былых вышэйшых чыноўнікаў трапілі толькі два экс-прэм’еры — Кебіч і Лінг — ды адзін экс-старшыня Вярхоўнага Савета — Мікалай Дземянцей, то гэта патлумачыць ніхто не змог. Аляксандр Цімашэнка запэўніў, што не валодае інфармацыяй, Вячаслаў Кебіч ухіліўся ад адказу, Мікалай Дземянцей — пераказаў чуткі.
Мікалай Дземянцей: “Асобныя людзі сустракаліся з заснавальнікамі савета і сказалі, што па стане здароўя, па ўзросце яны не могуць удзельнічаць. Можа быць, гэта было з Чыгіром, можа з іншымі — я не ведаю”.
Але экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір упэўніў Еўрарадыё, што да яго не звярталіся. Ды й сэнсу ў гэтым савеце ён не бачыць.
Міхаіл Чыгір: “Яны ведаюць, што ў мяне іншы погляд на тыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Курс развіцця трэба мяняць, а не праграмы распрацоўваць у тых умовах, у якіх мы зараз жывем!”
Не клікалі ў эксперты і экс-старшыню Савета Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча. На яго думку, неабходна ўжо прынятую праграму цалкам перарабіць.
Аляксандр Вайтовіч: “Сітуацыя так змянілася, што трэба ўсё пераглядаць. Пераглядзець наогул падыходы да вырашэння эканамічных праблем, якія стаяць перад краінай”.