Бялкоўскі: Расіі выгадна, каб рэпутацыя Беларусі была як мага горш

120301 Luka6uk Scenary.mp3

Крамлю з прэзідэнцкімі выбарамі выгадны канфлікт у сяброў. Такое меркаванне выказвае Еўрарадыё палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “Калі разглядзець існуючыя ў свеце практыкі, то звычайна перад адным скандалам робіцца іншы скандал. Расіі надзвычай выгадна мець міжнародны канфлікт зараз у Беларусі на фоне сваіх выбараў. Хаця б часткова гэта заслоніць магчымыя скандалы падчас выбараў 4 сакавіка”.


Як прыклад эксперт узгадвае “адэскіх тэрарыстаў”, якія нібыта рыхтавалі замах на кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Пуціна. Зараз саспеў час скандала ў “братняй Беларусі”.


Гінтаўтас Мажэйкіс:Гэты канфлікт менавіта напярэдадні сакавіцкіх выбараў — такія хады часта выкарыстоўваюцца такімі аўтарытарнымі рэжымамі, якія разумеюць механізмы прапаганды. А Расія з’яўляецца краінай з аўтарытарнымі схільнасцямі, але якая выдатна разумее, як дзейнічае прапагандысцкі рэжым”.


Кіраўнік расійскага Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі прызнае, што дыпламатычны скандал выгадны Расіі. Але адмаўляе напісанне яго сцэнара ў Маскве.


Станіслаў Бялкоўскі: “Расія ўвогуле зацікаўленая ў тым, каб на постсавецкай прасторы было як мага больш дзяржаваў з рэпутацыяй горшай, чым у яе самой. Але яна ніяк не інспіруе гэтыя канфлікты. Для гэтага ў яе няма ні палітычнага, ні дыпламатычнага, ні якога іншага інструментарыя”.


І толькі дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў МЗС Расіі Кірыл Коктыш лічыць, што сцэнар канфлікту пісаўся не ў Маскве, а ў Мінску. Як і “адэскі” сцэнар — пісаўся ў Кіеве.


Кірыл Коктыш: “Узровень даверу паміж Масквой і Кіевам, паміж Масквой і Мінскам цалкам выключае верагоднасць таго, што такія рэчы будуць узгодненыя і будуць планавацца з Масквы. Мне падаецца, што і “адэскія шпіёны”, якія планавалі тэрарыстычна замах на Пуціна, і “мінская канфрантацыя” — гэта рытуальны гандаль дзеяннямі з боку Мінска і Кіева. Каб неяк засяродзіць увагу Масквы на сабе і падкрэсліць, што “мы з табой, памятай і ў грошах гэта вызнач”.


Але Станіслаў Бялкоўскі адхіляе і такі сцэнар. Паводле яго слоў, і Лукашэнка, і Януковіч таемна, але актыўна не любяць Пуціна. І ў іх задача — не спадабацца Пуціну, а знайсці магчымасці ціску на яго. Гэтыя ж скандалы такіх магчымасцяў ім не даюць.


Версія, што “адэскі” і “мінскі” скандалы дырыжаваліся з Масквы мае шмат прыхільнікаў сярод заходніх палітолагаў, прызнаецца кіраўнік цэнтра імя Бертольда Бейтэ Нямецкага савета знешняй палітыкі Аляксандр Рар. Магчымасць таго, што гэта можа апынуцца праўда, прыводзіць эксперта ў жах.


Аляксандр Рар: “Мяне гэта прыводзіць у жах! Атрымліваецца тады, што альбо ў нас зусім няма агульнага ўспрымання адзін аднаго, правільнага, адэкватнага. Альбо — набывае моц падазрэнне, што на Усходзе ствараецца аўтарытарны рэжым са старымі метадамі прапаганды. Але тады вельмі хутка Расію, Беларусь і Украіну ператвараюць у краіны-ізгоі”.


Ён адмаўляецца ў такое верыць. Але не выключае верагоднасці праўдзівасці гэтых версій.