БХК звярнуўся ў Генпракуратуру паводле заявы Саннікава аб катаваннях

Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў зварот у Генеральную пракуратуру па факце заявы Андрэя Саннікава пра катаванні, што ўжываліся ў дачыненні да яго ў СІЗА КДБ, паведамляе БелаПАН.

"Праваабаронцы просяць правесці старанную праверку і распачаць крымінальную справу па прыкметах артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і прымяненне гвалту асобамі ў афіцыйным статуце; прыцягнуць да адказнасці вінаватых і паведаміць пра вынікі праверкі", — гаворыцца ў паведамленні БХК.

Праваабаронцы паведамляюць, што зацікаўленыя грамадзяне, якім стала вядома пра факты катаванняў, могуць звярнуцца ў Генпракуратуру з падобнай заявай ад свайго імя.

Нагадаем, 14 траўня Саннікаў быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.