БХК просіць старшыню Вярхоўнага суда за жыцці Канавалава і Кавалёва

Яны просяць, каб старшыня Вярхоўнага Суда апратэставаў смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла. Па яго словах, праваабаронцы пішуць такія звароты пасля вынясення кожнага смяротнага прысуду ў Беларусі.

Паганяйла: "У прыватнасці, у сувязі з прысудам па справе Канавалава і Кавалёва мы таксама падрыхтавалі зварот на імя старшыні Вярхоўнага суда і ў ім просім выкарыстаць кампетэнцыю суда ў парадку нагляду ды ініцыяваць вынясенне пратэсту па гэтай справе".

Юрыст адзначыў, што апратэставаць смяротны прысуд маюць права старшыня Вярхоўнага суда і Генпракурор, а кіраўнік краіны можа памілаваць асуджаных на смерць. З адпаведнымі зваротамі да гэтых трох чыноўнікаў могуць звяртацца ўсе зарэгістраваныя грамадскія арганізацыі, партыі, цэрквы ды іншыя аб'яднанні.