Беларускія апазіцыянеры перадалі ў расійскае пасольства ў Вільні граблі

Акцыя была арганізавана пасля заявы Лукашэнкі пра тое, што Расія гатовая даць Беларусі крэдыты на агульную суму 6 мільярдаў долараў.

Удзельнікі акцыі перадалі ў пасольства Расіі зварот і граблі з надпісамі: "(Нявыкананыя) абяцанні", "(Атэістычныя) клятвы", "(Пустыя) запэўніванні", "Датацыі (на рэпрэсіі)", — маючы на ўвазе, што Расія ў выпадку прадастаўлення чарговага крэдыту наступіць на тыя ж граблі, што і раней.

Удзельнікі акцыі прыйшлі з плакатамі "$6 мільярдаў гуманітарная дапамога катам беларускага народа", "Крэдыт падаўжае жыццё дыктатуры", "Купі МАЗ: дапамажы пасадзіць невінаватых".

У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі кампаній "Еўрапейская Беларусь" і "Гавары праўду!", прадпрымальніцкага руху, студэнты ЕГУ.

У заяве, якая была перададзена ў пасольства, гаворыцца, што "любы крэдыт, які атрымліваецца беларускай уладай, накіроўваецца на аплату працы рэпрэсіўнага апарата розных дзяржорганаў па палітычным пераследзе апазіцыйных сіл Беларусі, на ўтрыманне велізарнага ідэалагічнага, сілавога апарата", паведамляе БелаПАН.