Беларускай радыскі няма ў крамах, “бо людзі самі яе вырошчваюць”

120530 Martin Rediska.mp3

У краму “Белая Русь” беларускую радыску не прывозяць. Бо няма ў каго набываць! Таму на прылаўкі выстаўляюць галандскую па 33 тысячы за кіло.

“З калгасаў і падсобных гаспадарак ніхто свежую радыску не прапаноўвае. Можа быць ім проста не выгадна яе вырошчваць”, — расказвае таваразнаўца ў “Радзівілаўскім”. Галандская радыска тут па 35 тысяч за кіло.

Але прадаўшчыца ва ўніверсаме "Цэнтральны" ўзгадвае, што калісьці беларуская радыска усё ж была!

“Яна бывае толькі бліжэй да восені. У другой палове лета, а так — не”, — кажа яна.

Набываем 200 грамаў галандскай гародніны за 7 тысяч. Кілаграм каштуе 31 тысячу.

Галандская радыска, 200 грамаў

І рушым на Камароўскі рынак шукаць беларускі караняплод. На дзіва, адразу знаходзім. І каштуе ўдвая танней за галандскі: кілаграм ад 12 да 16 тысяч рублёў.

Ніводзін дурань не пойдзе здаваць у краму за нізкі кошт. Крамы не плацяць столькі, колькі трэба. Не выгадна ў крамы яе прадаваць”, — нечакана расказвае Ніна Васільеўна, яна прадае радыску са сваёй градкі на “Камароўцы”.

“Кожны вырошчвае па 20 пучкоў. Прыйшоў — прадаў. І дорага, крама па такім кошце браць не будзе. У мяне вунь каробка, там 20 штук, прадала і ўсё”, — кажа Святлана Уладзіміраўна. Сваю радыску яна прывезла на "Камароўку" з Брэсцкай вобласці.

Набываем пучок радыскі з Брэстчыны за 5 тысяч. І… параўноўваем з галандскай. Наша гародніна больш буйная і горкая. Галандская — вадзяністая.

“Крама бярэ маленькімі партыямі. Не выгадна пастаўляць — дарагое паліва. На Камароўскім рынку маю радыску ўжо 2 гады прадаюць. У крамы я ніколі не спрабаваў здаваць, мне прасцей на рынак прывезці. Для крамы трэба чалавека шукаць, каб ён развозіў”, — гаворыць фермер Эдуард, які вырошчвае радыску ў Капыльскім раёне.

Чаму ж не зрабіць, каб і фермерам, і крамам было выгадна? Пытаюся пра гэта ва Упраўленні сельскай гаспадаркі і гандлю Мінскага раёна. Там прыгадваюць, што 13 гадоў таму радыска “не пайшла” і больш не рызыкуюць.

“У 1999 годзе саўгас “Світанак” вырасціў больш за 200 тон радыскі. І яна не пайшла. Народ жа сам на зямлі працуе і такія кошты, што людзі не могуць набываць. Навошта, калі можна на лецішчы вырасціць? А радыска — яна аднадзённай рэалізацыі. І жывёліна яе не есць”, — гаворыць аграном Таццяна.

І прапануе пачаставаць радыскай са свайго лецішча. Цікава толькі, чаму ў варшаўскіх гіпермаркетах прадаюць... польскую радыску!