Пра што беларусы абараняюць дысертацыі ў 2012 годзе?

120412 Svjardlou Dissery.mp3

“Не трэба яго пакуль чапаць! Вы ўяўляеце стан чалавека перад абаронай?”

Праз тыдзень у Мінску пройдзе абарона доктарскай дысертацыі пра “пояс добрасуседства”, які звязвае Беларусь і Еўропу. Яе аўтар ― супрацоўнік беларускага МЗС Руслан Есін ― з часам для абароны пацэліў у яблычка. Звесткі пра яго даследаванне з’явіліся на сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ўсяго за два тыдні да дыпламатычнай вайны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

У навуковым савеце даць кантакты Руслана Есіна адмаўляюцца. Маўляў, перад абаронай дысертацыі ў чалавека галава не на месцы і без журналістаў.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, якія яшчэ актуальныя дысертацыі бліжэйшым часам абароняць беларусы.

“У нас некалькі запар дысертацый, і доктарскія, і кандыдацкія, звязаныя з рыбай. Чаму менавіта з рыбай? Я так жартую, што ў Беларусі вады многа!” ― дзеліцца назіраннем старшыня Савета па абароне дысертацый Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Міхаіл Шалак.

Тэмы дысертацый, якія рыхтуюцца ў акадэміі, заўжды цікавыя. Напрыклад, Вольга Цыкунова падрыхтавала даследаванне “Прадуктыўнасць свінаматак пры ўвядзенні ў рацыён дадатку хлорыстага літыю”. 4 траўня яна мае ўсе шанцы ператварыцца ў кандыдата навук.

Міхаіл Шалак: “Дарэчы, упершыню. Мы ўвагі на літый не звярталі. А выяўляецца, што ён таксама карысны і для жывёл, як і для чалавека”.

Літый лічыцца прэпаратам, які нармалізуе настрой чалавека. Адмыслоўцы называюць яго “мяккім антыдэпрэсантам”. Так што кандыдацкая дысертацыя пра свінак можа засланіць нават доктарскае даследаванне, датычнае вырошчвання карпаў, якое абараняецца ў той жа дзень.

“Праблема ў кармах. Кармы дарагія, імпартныя. А работы добрыя, звязаныя з нашым жыццём, ― працягвае Міхаіл Шалак. ― Дарэчы, Алена Таразевіч ― гэта аўтарка нашых беларускіх парод карпа”.

Тэмай дысертацыі стаў нават бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пра механізм яго фарміравання і выканання 16 траўня будзе распавядаць на абароне сваёй кандыдацкай дысертацыі Аляксей Шыла ― кансультант Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Сталага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Прыемна, што дысертант прапануе на 30% скараціць унёсак Беларусі ў бюджэт Саюзнай дзяржавы. Цытата з аўтарэферата:

“У адрозненні ад існуючай практыкі размеркавання долевых унёскаў, якая не мае навуковага абгрунтавання, методыка, якая прапануецца, дазваляе забяспечыць роўную нагрузку на нацыянальныя бюджэты Беларусі і Расіі пры пералічэнні сродкаў у агульны бюджэт інтэграцыі і скарэктаваць дзеючыя суадносіны долевых унёскаў 35 і 65 % на суадносіны 3,5-5 і 95-96,5 % адпаведна”.

Па інфармацыі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, у 2011 годзе кандыдатамі навук у Беларусі сталі 520 чалавек, дактарамі — 47.

“Вядома, ёсць дысертацыі, якія можна разглядаць і з негатыўнага гледзішча. Туды там працуе навуковая думка, ці не туды. Часам сутыкаешся і з бесталковымі назвамі, і з тым, што ў змесце не ўсё добра. На жаль, ёсць і такія дысертацыі, пра якія шкадуеш, што нехта даручыў іх рабіць”, — скардзіцца галоўны навуковы сакратар Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Ніна Гулько.

Але дадае: калі дысертацыя хаця б часткова спрыяе прыросту новых ведаў і “утрымлівае навуковую сутнасць”, ВАК, хутчэй за ўсё, дашле дысертанту кандыдацкую ці нават доктарскую “корачку”, нягледзячы на недахопы.

Фота: regional.com.ua.