Балгарскі паэт Дзімітрый Кенараў вяртаецца на радзіму
Прыкладна а 15.00 ён вылецеў з Мінску ў Сафію рэйсам праз Прагу. У аэрапорт яго канваявалі міліцыянты.
Балгарын правёў у беларускай турме пяць дзён. Яго затрымалі ў Мазыры, бо ён не меў дакументаў. Свой пашпарт Дзімітрый згубіў. Балгарская амбасада працяглы час бяздзейнічала і нічога не рабіла для вызвалення паэта і журналіста. Яго маці ў Сафіі зладзіла акцыю пратэсту разам з сябрамі Дзімітрыя. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла беларуская літаратарка Марыйка Мартысевіч, спасылаючыся на групу ў Facebook, створаную ў падтрымку балгарскага паэта. Толькі пасля гэтага сваякам паведаміла, што 2 ліпеня, у суботу зранку Дзімітрый Кенараў атрымаў часовы пашпарт.
Але ж фактычна ён выйшаў з турмы толькі ў панядзелак зранку. Пад канвоем міліцыі яго вывезлі ў аэрапорт і адправілі самалётам дадому. Пра свой адлёт Дзімітрый паведаміў Марыйцы Мартысевіч праз смс.
Пры гэтым балгарскі МЗС цвердзяць, што консульскія службы спрацавалі аператыўна і своечасова выпісалі Кенараву пашпарт. Аднак перадачу яму дакументаў замарудзілі беларускія міліцыянты.
Дзімітрыю Кенараву забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі на 3 гады.