Арцыбіскуп Чэллі: Касцёл з тымі, хто ідзе праз пакуты да праўды

Падчас прыезду ў Беларусь Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па справах масавай камунікацыі, правёў незапланаваную сустрэчу са свецкімі журналістамі. Падчас якой вызначыў, чым з пункту гледжання Ватыкана, павінны кіравацца ў сваёй працы журналісты. І найперш – гэта данясенне праўды.

Арцыбіскуп Чэллі: “Калі СМІ адважна нясуць служэнне праўдзе – яны спрыяюць сталенню грамадскага арганізма. І наадварот: становяцца прычынамі падзелу, калі распаўсюджваюць прапаганду і дэзінфармацыю. Робячыся паслугачамі вузкіх інтарэсаў дзяржаўных, нацыяналістычных, расавых ці рэлігійных забабонаў. Матэрыяльнай нажывы і фальшывых ідэалогій розных накірункаў. Чалавек прагне праўды. Таму найбольшае служэнне, якое можна даць асобе і грамадству – гэта спрыянне гэтаму пошуку і атмасферы свабоды”.

 
І падкрэсліў, што менавіта абарона свабоды слова сёння з’яўляецца адной з асноўных мэт касцёла.

Арцыбіскуп Чэллі: “Касцёл абараняе свабоду слова і друку. Адзінае – у межах маральнага парадку і супольнага дабра. Як неадменную ўмову грамадскага міру. СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе. І яны ж знішчаюць свабоду, калі аддаляюцца ад таго, што праўдзівае. Распаўсюджваючы хлусню альбо ствараючы атмасферу нездаровай эмацыйнай рэакцыі на падзеі. Толькі калі людзі маюць доступ да праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі, яны ў стане імкнуцца да супольнага дабра і бачыць у афіцыйных уладах адказных за гэтае дабро”.

А таксама Арцыбіскуп Чэллі звярнуў увагу на тое, што журналісты абавязаныя адстойваць справядлівасць, дабівацца яе.



Выказаў ён па просьбе Еўрарадыё і стаўленне Ватыкана да пытання рэгулявання інтэрнэта.

Арцыбіскуп Чэллі: “Ватыкан сам не можа рэгуляваць інтэрнэт. Мы імкнемся прыўнесці ў інтэрнэт больш чалавечых каштоўнасцяў. Таму мы развіваем як мага больш лепшай чалавечай прысутнасці ў інтэрнэце”.




Карэспандэнт Еўрарадыё папрасіў прадстаўніка Ватыкана выказаць сваё стаўленне да таго, што сёння ў Беларусі праследуюцца журналісты і незалежныя СМІ. У адказ Арцыбіскуп Чэллі параўнаў журналістаў з прарокамі.

Арцыбіскуп Чэллі: “Я лічу, што шлях, які вядзе да праўды – гэта нялёгкі шлях. І гэта шлях, на якім ёсць таксама і пакуты. У пэўным значэнні, трэба жыць як прарок, па прароцку. А вядома, што прарок ніколі добра не прымаецца ў сваёй краіне. Вернасць пэўным каштоўнасцям не з’яўляецца лёгкай справай на журналісцкім шляху. І касцёл заўсёды разам з тымі, хто нават праз нейкія пакуты ідзе па шляху пошуку праўды. Як журналіст”.




Рыхтавацца да пакутаў заклікаў ён і беларускіх палітыкаў, якія апынуліся на лаве падсудных.

Арцыбіскуп Чэллі: “Апекуном палітыкаў з’яўляецца святы Томас Мор. Які быў прэм’ер-міністрам у час панавання Генрыха VIII у Англіі. І каб захаваць вернасць свайму сумленню ён згубіў галаву”.

І заўважыў, што Ватыкан не хоча ператварацца ў палітычную партыю, таму не будзе выступаць з нейкімі палітычнымі заявамі наконт таго, што адбываецца зараз з незалежнымі журналістамі і СМІ, а таксама апазіцыйнымі палітыкамі ў Беларусі.

Фота: Змітра Лукашука