Amnesty International асудзіла новыя прыгаворы ўдзельнікам Плошчы

Гэтых людзей арганізацыя лічыць вязнямі сумлення, паведамляе БелаПАН.

"Андрэй Саннікаў і іншыя актывісты былі асуджаныя толькі за рэалізацыю свайго права на мірны пратэст", — сказаў прадстаўнік "Міжнароднай амністыі" Джон Далхейзен.

Арганізацыя нагадвае, што падчас судовага разгляду Саннікаў зрабіў заяву пра жорсткае абыходжанне з ім падчас знаходжання пад вартай.

Асуджаныя "павінны быць вызвалены неадкладна і безумоўна", падкрэсліў Далхейзен. "Іх зняволенне з'яўляецца чарговым прыкладам пастаяннага наступу беларускіх улад на любую форму іншадумства", — лічыць ён.

Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі, Ірына Халіп — да двух гадоў з адтэрміноўкай выканання на два гады, Сяргей Марцалеў — да двух гадоў умоўна, Павел Севярынец — да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем да месца адбывання пакарання.