Аляксандр Аверкаў праходзіў кастынг на тэлеканале ў Маскве (фота)
На Грамадскім тэлебачанні Расіі ён пабываў 30 студзеня. Праўда, сам Аверкаў гэта адмаўляе.
Аляксандр Аверкаў працуе на тэлеканале АНТ, вядзе праграмы "Нашы навіны" і "Контуры". Яму 53 гады.
Фота з кастынга вядучых з'явілася на сайце расійскага тэлеканала.
"Нідзе я нічога не праходзіў", — сказаў "Нашай ніве" Аляксандр Аверкаў, пасля чаго сувязь з ім перарвалася. Болей вядучы слухаўку не падымаў.
Грамадскае тэлебачанне Расіі — новы расійскі федэральны тэлеканал, які "ствараецца на прынцыпах грамадскага вяшчання". Ён з'явіўся на прапанову былога прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, агучаную ў снежні 2011 года. Гендырэктарам з'яўляецца Анатоль Лысенка. Ад восені 2012 года ідзе праца па стварэнні каманды тэлеканала.
Нагадаем, у 2011 годзе з АНТ сыйшоў папулярны вядучы Сяргей Дарафееў. Ён вёў ток-шоў "Выбар". Цяпер Дарафееў працуе ў Кіеве.