Аклад “пачынаючага” мытніка — 150 долараў?!
Як з такімі акладамі пазбегнуць карупцыі на мяжы?
Разам з іншымі чыноўнікамі з 1 траўня павялічылі аклады і мытнікам. Аклад, да прыкладу, старшага інспектара — 1 мільён 290 тысяч. Проста інспектара — 1 мільён 225 тысяч. Менавіта такія лічбы ўтрымліваюцца ў пастанове Міністэрства працы. Як з такімі заробкамі ўтрымацца ад хабару?
Кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко ўпэўнівае Еўрарадыё: усё не так страшна, як падаецца. Голы аклад ніхто з мытнікаў не атрымлівае. Нават малады супрацоўнік, у якога менш за ўсіх стажу.
Ігар Пяшко: “У нас і спецыяльныя званні, за якія грошы плацяць, за выслугу гадоў. Як вы ведаеце, мытня працуе суткі — за працу ў начны час, выходныя і святочныя дні аплата ідзе некалькі іншая”.
Але ў колькі разоў ці, хаця б, на колькі адсоткаў больш ад базавага акладу ў выніку атрымлівае мытнік, суразмоўца Еўрарадыё казаць адмаўляецца.
Ігар Пяшко: “Я не маю права такія лічбы называць. Тым не менш мы імкнемся, каб гэтую заработную плату любымі шляхамі зрабіць вышэй для шараговых супрацоўнікаў”.
І ўсё ж — як уберагчы мытнікаў ад атрымання хабару, калі нават іх заробак у два разы большы ад указанага акладу? Мытнік ўпэўнівае: людзі служаць не толькі дзеля заробку!
Ігар Пяшко: “Чалавек проста адданы сваёй службе! У нас дастаткова выпадкаў, калі прапаноўваюць пэўнае незаконнае грашовае ўзнагароджанне за пэўныя дзеянні — і супрацоўнікі адмаўляюцца. Толькі за гэты год ужо больш за 100 такіх выпадкаў”.
У памежнікаў сітуацыя з акладамі не нашмат адрозніваецца ад мытнікаў. Старшы інспектар мае 1 мільён 385 тысяч, інспектар — 1 мільён 290 тысяч. Тут таксама ёсць даплаты “за класнасць”, за выслугу і гэтак далей. Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка прызнае: “не шмат”.
Аляксандр Цішчанка: “Хочаце спытаць: “Мала?” — я скажу: “Не шмат”. Заробак залежыць ад выслугі, залежыць ад рэжыму працы і гэтак далей. Таму сумы гэтыя ў нас не паказваюцца — гэтая інфармацыя распаўсюджванню не падлягае”.
Карупцыя, паводле слоў памежніка, залежыць не ад велічыні заробку.
Аляксандр Цішчанка: “Гэта больш псіхалагічны фактар, а не матэрыяльны. Той, хто хоча служыць, той служыць, хто хоча займацца лухтой — займаецца лухтой. Вядома, захады прадпрымаюцца, але я вас упэўніваю: самы галоўны фактар у гэтых праявах — не матэрыяльны”.
Абодва суразмоўцы ўпэўніваюць Еўрарадыё: прапускная здольнасць памежных пераходаў ад велічыні акладаў мытнікаў і памежнікаў не залежыць. Праўда, не супраць таго, каб заробкі былі вышэй.